На пачатку Павук набраў сам медыцынскі цэнтр і спытаў: куды прыносіць рэчы для вайскоўцаў? У цэнтры адказалі, што ў іх ніякай інфармацыі пра збор адзення няма. «Гэта нейкая правакацыя», — прыйшлі там да высновы.
Пасля блогер тэлефануе Ганне Гормаш, нумар якой пазначаны ў лістоўцы.
— Я наконт вашай аб’явы. Хачу шкарпэткі перадаць, спартыўную вопратку пацярпелым салдатам.
— Добра, а калі вы можаце?
Ганна кажа, што ініцыятыву ўжо падтрымалі яна і суседка.
Старшыня жыллёвага таварыства, ад якога раскідвалі лістоўкі, Эдуард Пашкоўскі ў тэлефоннай размове запэўнівае: бальніца мае патрэбу ў рэчах для параненых салдат.
— Гэта не афішуецца, але я вам кажу, што ёсць такія. Рабіце, як напісана ў аб’яве. Самі разумееце — гэта палітыка. Не мной прыдумана.
— Палітыка? Проста як бы мне на махляроў не патрапіць… А кім прыдумана? — удакладняе Павук.
— Гэта прыдумана па лініі Чырвонага Крыжа. Мы ўжо не адзін раз завозілі.
Далей Пашкоўскі кажа, што сам з іншай грамадскай арганізацыі — турыстаў і бардаў. Ён былы афіцэр. І яшчэ раз пацвярджае, што гэта ініцыятыва Чырвонага Крыжа.
На пытанне пра колькасць параненых салдат у бальніцы Пашкоўскі адказвае: нямала.
«Хто папраўляецца, яму хочацца выйсці на вуліцу. І тых жа тапак, шлёпанцаў ці спартыўных штаноў у іх няма. А ўсё бальнічнае ёсць. Ну і калі да чаю мы прынясем печыва, я думаю, ад гэтага ніхто не пацерпіць».
Па яго версіі, ва ўсім вінаватыя амерыканцы і мы не ўсё ведаем пра вайну. Павук са скрухай у голасе адзначае:
— Шкада, што нашы фонды міра нічога не могуць зрабіць з гэтай вайной.
— Ай, фонды, якія фонды міра. Справа ў тым, што, я лічу, вінаватыя амерыканцы — натравілі родных братоў, даюць зброю, каб забівалі адно аднаго.