Уладзіслаў быў затрыманы 8 красавіка 2021 года супрацоўнікамі віцебскага ГУБАЗіКа. Па інфармацыі МУС, з 2016 года ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.

«Мужчына падмануў больш за сто чалавек, паабяцаўшы ім удзел у розных рэаліці-шоу. Жадаючыя страцілі ў агульнай складанасці больш за мільярд недэмінаваных рублёў. Займеўшы грошы, арганізатар адмовіўся ад сваіх абязальніцтваў, а калі ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за махлярства, схаваўся ў Расіі», — заяўлялі ў МУС пасля затрымання мужчыны.

Гаворка вядзецца пра першыя ў Беларусі рэаліці-шоў — «Бандиты в Мексике», «Корабль», «Автобус» і іншыя.

У 2020 годзе Уладзіслаў вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да пратэстаў — ён удзельнічаў у акцыях пратэсту і актыўна асвятляў гэта на сваёй старонцы ў Instagram.

Пасля затрымання Уладзіслава этапавалі ў СІЗА-1 Мінска, дзе ён утрымліваецца і па гэты дзень. Супраць яго завялі крымінальныя справы па ч. 4 арт. 209 і ч. 1 арт. 342 КК.

Згодна з версіяй абвінавачвання, Уладзіслаў Савін з 20 сакавіка 2015 па 5 красавіка 2016 года «шляхам падману (махлярства) асобаў завалодаў грашовымі сродкамі ў агульнай суме, эквівалентнай 8430 базавым велічыням (175 142 рубля 44 капейкі)», а значыць, здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса.

Як раней паведамляла жонка Уладзіслава, крымінальная справа па арт. 209 КК цягнецца з 2016 года, калі Уладзіслаў рабіў праект з тэлеканалам АНТ. Ён першапачаткова праходзіў пацярпелым, потым сведкам. Справу закрывалі, а ў жніўні 2020-га яе рэзка аднавілі.

Таксама Савіну інкрымінуецца арт. 342 КК.

Па версіі абвінавачвання, Уладзіслаў 23 жніўня 2020 гоа з 12:00 да 20:30, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена з іншымі неўстаноўленымі асобамі, у складзе калоны прыняў актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя плясканні ў далоні, здзяйсняў блакіроўку руху транспарту шляхам выхаду з іншымі неустаноўленымі асобамі на поласы руху праезнай часткі. Па падліках следства,у той дзень пратэстоўцамі, у тым ліку і Савіным, была парушаная работа 19 аўтобусаў і пяці тралейбусаў па праспектуах Незалежнасці, Машэрава і іншых вуліцах.

Савіну ставяцца ў віну аналагічныя дзеянні — удзел у акцыях пратэсту — 14 жніўня з 14:00 да 19:40 і 16 жніўня з 10:00 па 20:30.

Акрамя гэтага, Савіна абвінавачваюць у арганізацыі акцый пратэсту ў Мінску. Згодна з версіяй абвінавачвання, ён, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі з 13 жніўня 2020 года па 8 красавіка 2021 года, «замахваючыся на грамадскі парадак і сферу яго сацыяльных патрабаванняў» у сацыяльнай сетцы Instagram стварыў страніцу «Улад Савін (vlad.savinn)» «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, а таксама з мэтай арганізацыі збору як актыўных, так і пасіўных удзельнікаў парушэння грамадскага парадку на тэрыторыі Беларусі, схілення іх да канкрэтных, у тым ліку групавых, дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размясціў на сваёй старонцы аўдыё-відэа-фота-тэкставую інфармацыю і спасылкі на іншыя інтэрнэт-рэсурсы, якія працуюць у адзінай сістэме дублявання, перадачы і каментаванай падтрымкі публічнага распаўсюду адпаведнай інфармацыі, устанавіў з іншымі карыстальнікамі Instagram для далейшага абмена інфармацыяй, сфармаваўшы такім чынам супольнасць аднадумцаў».

Блогеру па арганізацыі пратэстаў інкрымінуецца 13 відэаролікаў у Instagram,

сярод якіх — «Моё обращение к Лидии Ярмошиной (13.08.2020), «Обращение к студентам Беларуси (01.09.2020), «Что вы делали прошлым летом (08.09.2020),«О финансировании протестов в Беларуси» (17.09.2020), «Мы не дадим сделать из Беларуси концлагерь» (23.10.2020), «О солидарности…» (04.11.2020) і іншыя. Акрамя гэтага, пасты, якія змяшчаюць інфармацыю пра «мірныя маршы».

Як сцвярджае абвінавачванне, у выніку дзеянні Савіна і іншых асоб прывялі да масавых публічных пратэстных акцый сацыяльна-псіхалагічнага процідзеяння ў парушэнне дзеючага заканадаўства Беларусі, у выніку чаго адбылася дэфармацыя самога разумення парадку, а ўяўная спантаннасць дзеянняў яе ўдзельнікаў адбывалася па загадзя распрацаваным сцэнарыі і прыўносіла хаос у тое, што адбываецца.

Увесь суд расцягнуўся на амаль 40 пасяджэнняў. Уладзіслаў не прызнаў віну па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса, а па ч. 1 арт. 342 КК прызнаў цалкам.

Уладзіслаў на судзе пацвердзіў, што ўдзельнічаў у трох Маршах і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь». На допыце ў судзе ён распавёў пра відэаролікі, якія здымаў для Instagram

«Усе відэаролікі я публікаваў з мэтай выказвання свайго палітычнага меркавання і грамадзянскай пазіцыі. Я хацеў, каб людзі чулі маю пазіцыю наконт таго, што адбываецца ў краіне. Мне гэта было важна», — цвёрда заявіў блогер на судзе.

Суддзя спытала, чаму Савіну было важна, каб яго чулі. На гэта блогер адказаў, што лічыў, што беларусаў падманваюць, а «гвалт, які ён бачыў, не мусіць мець месца ў дэмакратычнай краіне пасярод Еўропы».

— Дык а людзям навошта пра гэта казаць? — перапытала суддзя Касцюкеівч.

— У сэнсе? — не зразумеў пытання Савін.

— Вы на сябе якую функцыю ўзялі? — дапытвалася суддзя.

— Я гэта казаў, таму што я маю права згодна з артыкулам 19 Дэкларацыі правоў чалавека гаварыць і выказваць сваё меркаванне, — адказаў Уладзіслаў.

— Калі ласка. Але навошта гэта рабіць на публіку? — не разумела Касцюкевіч.

— Я лічыў, што людзям гэта цікава.

— «Людзям гэта цікава…», — паўтарыла, нібы перадражніваючы, яго словы суддзя.

На працэсе Уладзіслаў распавёў, што прыдумаў акцыю да 1 лістапада 2020 года, пра якую распавёў у відэароліку «Почему мы хотим остановить движение 1 ноября?»: ён заклікаў усіх кіроўцаў спыніць транспарт на 30 хвілін у знак салідарнасці з пратэстоўцамі і выразіць такім чынам пратэст дзеючай уладзе.

Пра астатнія відэаролікі Савін заявіў, што лічыць, што «нічога злачыннага ў іх ён не гаварыў і не заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі».

22 сакавіка падчас судовых спрэчак пракурорка запрасіла ў суда пакаранне для Уладзіслава Савіна ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў. Суддзя Анжэла Касцюкевіч агучыць прысуд 30 сакавіка ў 11:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0