Аляксея Кругляка затрымалі 2 снежня 2021 года і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №3 Гомеля.

Паводле абвінавачання, Аляксей, знаходзячыся на працоўным месцы на Гомельскім тэлебачанні, са свайго тэлефона ў прафесійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 года напісаў некалькі паведамленняў, якія тычацца палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў. Ён убачыў, які гвалт і агрэсія былі ў Мінску і іншых гарадах краіны над мірнымі жыхарамі, якія выказвалі сваё стаўленне да выбараў.

На эмоцыях Аляксей прапанаваў выходзіць на вуліцы ў Гомелі, ладзіць маршы, станавіцца ў ланцугі. Сам гатовы быў удзельнічаць у любых актыўных дзеяннях, нават надзець белую вопратку і далучыцца да жанчын з кветкамі, калі будзе неабходна, то і ў сукенку.

Гэтыя паведамленні расцанілі як заклікі да несанкцыянаваных мітынгаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а яго палічылі арганізатарам гэтых дзеянняў.

Крымінальную справу завялі толькі праз год, восенню 2021-га, калі хтосьці з гэтага закрытага чата зліў інфармацыю ў праўладны чат «Жоўтыя злівы».

Аляксей да таго часу пра гэтыя паведамленні забыўся. Пасля апублікавання ён запісаў і выклаў у інтэрнэт «пакаяннае» відэа, дзе ад усяго адхрышчваўся ў надзеі, што яго не затрымаюць.

На пачатку следства Кругляк сваю віну прызнаваў часткова: прызнаваў, што пісаў ён, але нікуды, нікога не заклікаў, а «проста хацеў выйсці прагуляцца ў кампаніі і паглядзець абстаноўку ў горадзе».

А на судовым працэсе Кругляк цалкам прызнаў віну.

У сваім апошнім слове Аляксей, паведамляе «Вясна», «добра пастаўленым дыктарскім голасам агучыў, што згодны на ўсё, нават стаць «рупарам прапаганды», працаваць не пакладаючы рук на карысць краіны і рэжыму, абы не адпраўлялі ў калонію, а адпусцілі дадому да сям'і».

Суддзя Віктар Казачок прызначыў Кругляку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму, за выняткам часу праведзенага пад следствам у СІЗА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0