Ваенныя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской бальніцы, 28 лютага 2022 года

Ваенныя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской бальніцы, 28 лютага 2022 года

З першага дня вайны беларускія шпіталі ў Гомелі, Мазыры і Нароўлі пачалі прымаць параненых расіян, а моргі — забітых.

З беларускіх медыкаў, як стала вядома «Свабодзе», узялі падпіску аб неразгалошванні інфармацыі. Некаторым лекарам пагражалі скасаваннем кантракта.

Ад крыніц з трэцяга сакавіка паступае інфармацыя, што моргі ў Мазыры і Гомелі перапоўненыя трупамі расіян. У Мазыры з мінулага тыдня іх адразу грузілі ў цягнікі расійскай чыгункі.

«Трупаў было нерэальна шмат! Людзі, якія былі на станцыі Мазыр, былі проста ў шокавым стане ад колькасці трупаў, якія загружалі ў цягнік.

Людзі пачалі здымаць відэа, але да іх прычапіліся вайскоўцы і загадалі выдаліць. У вёсцы Каменка пад Мазыром ачапілі могілкі, нікога туды не пускаюць, выставілі ахову. Можа быць, што там пачалі хаваць расіян. Тым больш, побач з Каменкай — Бокаў, там аэрадром і буйны лагер расіян», — кажа жыхар Мазыра.

Іншая крыніца кажа, што шпіталь у Мазыры дагэтуль перапоўнены параненымі, абсалютна ўсе лекары, нават вузкія спецыялісты, працуюць з параненымі расіянамі. Тым часам мясцовыя жыхары не могуць зрабіць тут рэнтген — іх накіроўваюць у дзіцячую бальніцу.

Жыхары Гомля таксама расказваюць, што і аўтобусы ПАЗ (з параненымі расіянамі) і грузавікі «Урал» (з забітымі) — частае відовішча ў абласным цэнтры.

«На «Уралах» іх трупы вязуць у аэрапорт, адтуль — у Расію», — кажа жыхар Гомеля.

У гомельскім Цэнтры радыяцыйнай медыцыны параненых расіян прымаюць ад пачатку вайны. Туды прыехалі і занялі некалькі паверхаў расійскія лекары. Прымаюць параненых у шпіталі ў Касьцюкоўцы, у Бальніцы хуткай дапамогі і ў абласной клінічнай.

«Свабода» ўжо давала інфармацыю пра тое, што моргі Мазыра і Гомеля перапоўненыя расійскімі вайскоўцамі. Абвяржэння гэтай інфармацыі з боку беларускіх ці расійскіх уладаў не было.

На БТ 12 сакавіка вышаў сюжэт, у якім карэспандэнты называюць трупы расейскіх вайскоўцаў у моргах Мазыра — фэйкам. 

Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што лячэнне ў Беларусі атрымалі каля 160-170 расіян, параненых у баях з украінцамі. «Мы лячылі і будзем лячыць гэтых дзяцей — у Гомелі, Мазыры і, па-мойму, нейкім раённым цэнтры», — казаў Лукашэнка.

Расія пачала ўзброенае ўварванне ва Украіну 24 лютага, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0