Знішчаны авіяцыяй Харкаў. Фота: AP

Знішчаны авіяцыяй Харкаў. Фота: AP

«Гэта маё персанальнае пекла, чысцілішча, якое цяпер заўсёды будзе са мной. На зямлі і на небе, у вайне і ў міры.

У будучы фільм пра гэтую вайну абавязкова павінен увайсці эпізод са звычайнай кватэры спальнага раёна Харкава, дзе маці і дачка пад грукат выбухаў выюць, заглушаючы сірэны паветранай трывогі. Адна на каленях, здушаным крыкам: «Даруй», другая згорбіўшыся, ціхім стогнам: «Выжывем».

Я трымалася дзевяць дзён. Па-рознаму, хвалямі, як цяпер. Страх, гнеў, вера ў перамогу, дзікая стомленасць, адчай, і так па коле.

Канчаткова мяне зламалі знішчальнікі. Гэты жудасны свіст, які нарастае ў начным небе, машына шпурляе смерці наўздагад. Удары ў суседнія дамы і пад'езды, пажары, разбураныя дамы, лёсы, жыцці, сабакі і кошкі, якія кідаюцца на вуліцах, плач дзяцей з падвалаў і чалавечая нага, якая прыляцела ў двор.

Я захапляюся тымі, хто бясстрашны. Я здалася. Больш не магла глядзець на сваю запалоханую, схуднелую на дзесяць кілаграмаў дачку, якая забіваецца ў кут пры кожным моцным гуку.

Гэта невыносна.

Дзіўна, але за нейкіх 200 кіламетраў ад Харкава — цішыня. Не, тут таксама вайна, але іншая. Сёння адна жанчына сказала, што людзі тут не ходзяць на працу — баяцца.

Я не стрымалася, каюся, кажу: «Божа, чаго тут баяцца!?». Яна не зразумела мяне, паціснула плячыма і пайшла.

Мне ўдалося выратаваць дзіця, сабаку, птушку. Душу не выратаваць ніколі. Гэтая чорная дзірка не зацягнецца, нават калі ўсё скончыцца заўтра і добра.

Я пакінула бацькоў. У Харкаве-Сталінградзе. Ляжачага бацьку і маму, якім па 80 гадоў. Кінула свой горад.

Так, ежы і лекаў пад бамбёжкамі прыцягнула на паўгода наперад, тэлефаную, ды стараюся не плакаць. Не атрымліваецца.

Дачка ўжо усміхаецца і роўна дыхае.

А я.

Я перастала адказваць у мэсэнджары, вы пытаецеся «Як ты? Жывая?». А я не магу сабрацца духам, каб адказаць. Мне здаецца, я памерла.

П. С.: не плач, доча, у нас усё добра, мы з татам у карты гуляем, я яго толькі што дурнем зрабіла, не плач, у нас нібы крыху менш бамбяць сёння ў мікрараёне, і снег пайшоў, ўяўляеш!

Я люблю цябе, мама».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?