Праваабаронцам вядомыя імёны 334 затрыманых сёння

Колькасць затрыманых, пра якіх робіцца вядома, увесь час расце.

Затрыманні рабіліся ў Мінску і Мінскім раёне, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гродне, Докшыцах, Жодзіне, Кобрыне, Лідзе, Магілёве, Наваполацку, Пінску, Полацку, Светлагорску, Слуцку.

Толькі некаторыя, найбольш адметныя затрыманні:

На ўчастку для галасавання №59 (вул. Чурлёніса у Мінску) затрымалі хлопца са сцягам Украіны.

Перакладчыцу Вольгу Калацкую забралі каля школы №134.

Ірына Грыгарчук была затрыманая у 14:00 на вул. Янкі Маўра 10а. У яе быў плакат з надпісам «Нет войне».

У вёсцы Юзафова на выбарчым участку ў 11:00 затрыманы Мікалай Валуй, які быў назіральнікам.

У Баранавічах каля школы №10 затрымалі як мінімум некалькі мужчын, пенсіянерку з плакатам «Украіна, мы з вамі» і дзяўчыну. Сярод затрыманых — Віталь Цапкоў, якія стаяў удалечыні і гаварыў па тэлефоне.

У Жодзіне каля выбарчых участкаў затрымлівалі тых, хто пасля 14:00 выходзіў з участка і стаяў побач з ім. 

На Савецкай плошчы дзяўчына выйшла на адзіночны пікет. Праз некалькі хвілін да яе падышлі людзі ў форме і павялі з сабой.

Каля 14:00 у Докшыцах затрымалі Таццяну Дорц. Яна выйшла на плошчу каля райвыканкама з плакатам «Слава Украіне». Праз пару хвілін пад'ехалі ДАІшнікі, затрымалі, павезлі ў РАУС.

У Магілёве каля «Беларускага дзяржуніверсітэта харчавання і хімічных тэхналогій» (былы МДУП) супрацоўнікі АМАП затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку пажылую жанчыну. Таксама сілавікі адагналі ад будынка ўніверсітэта, дзе размяшчаецца ўчастак для галасавання, пару з дзецьмі.

У Лідзе затрымалі жанчыну з антываенным плакатам. Затрыманне адбылося ў мясцовым ліцэі.

Ганна Даі ў Наваполацку затрыманая за тое, што сябры выбарчай камісіі ўбачылі, як яна сфатаграфавала бюлетэнь.

У Мінску затрымалі жанчыну з сабакам. За што менавіта — пакуль невядома.

У Брэсце днём затрымалі мужчыну, які сказаў амапаўцу, што ён супраць вайны. Прыблізна 60 чалавек сабраліся каля выбарчага ўчастка, да іх падышоў амапавец і запатрабаваў ад людзей разысціся. У адказ мужчына сказаў яму: «Я пратэстую супраць вайны». Пасля гэтага яго затрымалі.

У Кобрыне каля 30 чалавек выйшлі на антываенную акцыю ў 17.00. Людзі сабраліся ў цэнтры горада. Сілавікі паспрабавалі затрымаць двух чалавек, адзін уцёк, другога затрымалі.

Афіцыйная інфармацыя:

Следчым камітэтам узбуджаныя крымінальныя справы за грубае парушэнне грамадскага парадку, супраціў міліцыі і заклікі да такіх дзеянняў:

«Цяпер затрыманыя больш за 10 арганізатараў, якія заклікалі да экстрэмісцкіх дзеянняў. З падазраванымі працуюць следчыя. Іх дзеянням дадзена прававая ацэнка», — піша ведамства.

«Не вайне!»

Да 17.00 Святлана Ціханоўская заклікала выходзіць да будынка Генштаба пратэставаць супраць вайны Расіі з Украінай і ўдзелу ў гэтым Беларусі на баку Расіі.

Таксама людзі прайшлі калонай каля Dana Moll каля станцыі метро «Усход».

У цэнтры Мінска шмат людзей.

Людзі гуляюць, часам невялікія групы скандуюць антываенныя і праўкраінскія лозунгі. Машыны сігналяць.

У адказ на інфармацыю пра збор беларусаў сілавікі перакрылі цэнтр Мінска, а метрапалітэн закрыў станцыі у раёне Генштаба.

Нягледзячы на велізарны ціск і санкцыі, простыя беларусы не баяцца выказваць сваё меркаванне супраць беларускіх улад і ў падтрымку Украіны!

У Беларусі, аднак, гэта справа небяспечная, ідуць затрыманні.

Пратэснае галасаванне на ўчастках

Да 14.00 на ўчасткі заклікала дэманстратыўна прыходзіць Святлана Ціханоўская, многія на яе заклік адгукнуліся. 

А вось так выглядалі сёння бюлетэні тых, хто прыйшоў на ўчасткі выказацца супраць вайны

Фоты чытачоў «Нашай Нівы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0