Нямецкі эксперт у галіне авіяцыйнага права Эльмар Гімула лічыць важным, што Рада ICAO не стала мірыцца з тым, што частка інфармацыі была схаваная або, магчыма, знішчаная. Напрыклад, з тым, што не хапае запісаў з камер відэаназірання і паказанняў сведкаў.

Калі б ICAO праігнаравала прабелы ў доказах, гэта б азначала згоду з дзвюма рэчамі, адзначае эксперт. Па-першае, што захоп самалёта і дзеянні Лукашэнкі можна было б пакінуць без санкцый. Па-другое, што доказы ў такой сітуацыі могуць быць знішчаныя або схаваныя.

«Рада зрабіла тое, што павінна была зрабіць, а менавіта заклікала зацікаўленыя бакі, перш за ўсё Беларусь, даць дадатковую інфармацыю. Рада не спыняе расследаванне і застаецца пры сваім меркаванні»,

— мяркуе Гімула.

На думку эксперта, рашэнне накіраваць фінальную справаздачу аб расследаванні інцыдэнта ў ААН можна лічыць палітычнай эскалацыяй, якую пачала Рада ICAO:

«Гэта і ёсць наступны крок. Гаворка ідзе ўжо не толькі пра тэхнічныя пытанні, але і пра паводзіны дзяржавы — члена ААН, якія палітычна непрымальныя».

На пасяджэнні Рады прысутнічалі ў тым ліку прадстаўнікі Беларусі. Гэта сведчыць пра жаданне ICAO прадставіць аб'ектыўную карціну і паказаць, што, нягледзячы на абвінавачванні ў адрас Мінска ва ўтойванні інфармацыі і маніпуляцыі, Рада не зацікаўленая ў ачарненні Беларусі або выключэнні яе з абмеркавання, лічыць эксперт.

«Гэта надасць яшчэ большую вагу рашэнню, якое ў выніку будзе прынята. А прынята яно можа быць толькі ў тым выпадку, калі было дасягнута сумленным шляхам»,

— адзначае Гімула.

Пазіцыя Рады ICAO ўплывае на тое, што будзе адбывацца з авіяцыйнымі санкцыямі ў дачыненні да Беларусі, кажа прафесар Гімула:

«Калі б іх прызналі незаконнымі, як таго патрабавала Беларусь, то Лукашэнка, верагодна, інтэрпрэтаваў бы гэта як сігнал, што ён нічога не парушыў. Гэта, вядома, быў бы для яго трыумф».

Пакуль расследаванне ICAO не будзе даведзена да канца, не варта чакаць адмены авіяцыйных санкцый і аднаўлення палётаў у Беларусь з еўрапейскіх краін.

«Наадварот, той факт, што Беларусь ўтойвае інфармацыю, па сутнасці, з'яўляецца знакам для астатняга свету, што яна не ўспрымае іншыя дзяржавы сур'ёзна і лічыць, што можа так рабіць. Калі мае месца такая відавочная маніпуляцыя фактамі, як гэта адбылося ў дадзеным выпадку, нельга проста рабіць выгляд, што згаджаешся з ёй. Тут павінен быць дадзены выразны сігнал»,

— кажа эксперт. На яго думку, такім сігналам з боку ICAO стаў працяг расследавання і ціску на Беларусь.

Напярэдадні авіякампанія Ryanair назвала прымусовую пасадку свайго лайнера ў Менску «актам міжнароднага пірацтва, спансаванага дзяржавай», і агучыла ўмову, пры якой самалёты змогуць зноў лётаць над Беларуссю, — гарантыі, што падобныя інцыдэнты больш не паўторацца.

Эльмар Гімула не лічыць гэту заяву крокам насустрач беларускім уладам. На яго думку, гэта стандартнае і вытлумачальнае дзеянне з боку авіяперавозчыка, паколькі ён нясе адказнасць за сваіх пасажыраў і персанал.

«Нават калі ў падобных выпадках усе застаюцца жывыя, гэта ўсё роўна злачынства. І сітуацыя заўсёды можа абвастрыцца, ніколі не ведаеш, наколькі могуць занервавацца пілоты, ці заўважаць пасажыры нядобрае, ці пачнецца ў самалёце паніка, — кажа Гімула. — Тое, што зрабіў Лукашэнка, - гэта рызыка для авіяцыі, таму гэтыя патрабаванні зразумелыя. Пытанне ў тым, ці маюць яны сэнс. Нават калі б Лукашэнка даў такія гарантыі, на сто адсоткаў спадзявацца на іх, хутчэй за ўсё, не варта».

У студзені 2022-га Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла чатырох беларускіх чыноўнікаў у паветраным пірацтве. Эльмар Гімула ўпэўнены, што Лукашэнка не выдасць гэтых людзей ЗША, і ў гэтым сэнсе яны могуць адчуваць сябе ў бяспецы.

«Але яны павінны разумець, што выехаўшы ў Літву, Германію або любую іншую краіну, яны могуць быць экстрадаваныя. Іншымі словамі, яны, па сутнасці, з'яўляюцца вязнямі ў сваёй уласнай краіне. Так што гэта ўжо важны крок, пэўнае пакаранне. Да таго ж гэта папярэджанне іншым чыноўнікам на будучыню».

Чытайце таксама:

Шэраг краін заявіў аб «прабелах і неадпаведнасцях» у інфармацыі Беларусі наконт рэйса Ryanair

У Ryanair назвалі ўмовы аднаўлення палётаў над Беларуссю

Юрыст: Справа Ryanair не мае тэрміну даўніны, а ўсіх яе фігурантаў зараз чакаюць «вельмі няпростыя часы»

«Інсцэніравалі пагрозу выбуху, каб арыштаваць журналіста-дысідэнта». ЗША расказалі новыя падрабязнасці інцыдэнту з Ryanair

У ЗША чатырох беларускіх афіцыйных асоб абвінавацілі ў авіяпірацтве

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0