Паводле Святланы Ціханоўскай, 2020-ы быў годам, калі беларусы прачнуліся, а 2021-ы стаў годам самых жорсткіх і працяглых рэпрэсій у гісторыі сучаснай Беларусі. Але дэмакратычныя сілы змаглі захаваць адзінства і энергію.

«Гэта быў цяжкі год. Рэжым усё яшчэ ў Мінску. Але яго памылкі паказваюць, наколькі рэжым няўпэўнены ў сабе», — лічыць Ціханоўская.

У планах офіса на наступны год — працягваць дзейнічаць кансалідавана з усімі дэмакратычнымі сіламі, завяршыць і прадставіць свой праект Канстытуцыі, узмацняць міжнародны ціск для прыцягнення сістэмы Лукашэнкі да адказнасці за рэпрэсіі.

Ціханоўская разлічвае, што міжнародная дапамога стане больш гнуткай і дасягальнай для людзей на месцах.

«Я гляджу ў наступны год з аптымізмам. Як сказаў мой муж, рэвалюцыя — гэта працэс. І сам па сабе ён не знікне. Вынік залежыць ад нас усіх».

Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Ціханоўскай па эканоміцы, кажа, што ў наступным годзе яны збіраюцца працаваць па трох кірунках: эканамічны ціск на сістэму Лукашэнкі, падтрымка беларускага грамадства ўнутры краіны і ў выгнанні, эканамічныя рэформы.

«Выглядае, што санкцыі пакуль не працуюць, але гэта не праўда. Улады не змяншаюць рэпрэсіі, але эканамічны ціск прымушае іх рабіць памылкі (той жа міграцыйны крызіс). Яны становяцца таксічнымі для сваіх партнёраў — Кітая, напрыклад», — заўважае эканаміст. Офіс адсочвае сітуацыю, каб скараціць магчымасці абыходу санкцый.

Пытанне, як падтрымаць бізнэс унутры краіны. Адзін з варыянтаў — ЕС можа лібералізаваць гандаль паслугамі з Беларуссю. Спрасціць умовы ў аднабаковым парадку, каб нашы прыватныя лагістычныя кампаніі, ІТ-фірмы маглі пастаўляць свае паслугі на еўрапейскі рынак.

Падобныя прэцэдэнты ўжо былі: у 2009 годзе для Заходніх Балканаў, па гандлі прадуктамі.

«Каб падтрымаць малы і сярэдні бізнэс, асобных работнікаў, можна арганізаваць лічбавую платформу для замежных прадпрыемстваў, якія могуць наймаць беларускіх экспертаў па маркетынгу, дактароў і гэтак далей», — прапануе Аляхновіч.

Сёлета Еўракамісія абвясціла пра план падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму ў тры мільярды еўра.

«Упершыню такі план абяцаны не Лукашэнку, а грамадству. Гэта істотныя грошы, іх хопіць на некалькі год рэформаў», — кажа Аляхновіч.

На думку прадстаўніка НАУ Уладзіміра Астапенкі, міжнародная супольнасць для дапамогі беларусам можа выкарыстоўваць такія інструменты, як дыпламатычная ізаляцыя афіцыйнага Мінска, санкцыі і падтрымка СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Не ўсе ў дэмакратычных сілах падзяляюць аптымізм адносна найбліжэйшай будучыні.

«Рэпрэсіі могуць працягвацца наступны год. Трэба дамагацца вызвалення палітвязняў і спынення запужвання людзей. Я мяркую, гэтага складана дасягнуць у наступным годзе і нам давядзецца думаць на больш доўгую перспектыву», — выказаўся член Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Што чакае Беларусь праз год? Чатыры сцэнары — з чорнымі лебедзямі і без

Станіслаў Шушкевіч: У мяне ёсць аптымізм

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0