Асноўнае, што было сказана на нарадзе.

«Санкцыі ёсць, і гэта дадзенасць. Больш за тое, яны ўжо сталі часткай нашага жыцця. Уведзены чарговы комплекс мер супраць нас. Нягледзячы на тое, што яны будуць мець пэўны негатыўны эфект, нам трэба працягваць жыць і спакойна працаваць, захаваўшы дынаміку працы галін нашай эканомікі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Калектыўны Захад не пакідае спробаў знізіць узровень інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Еўразіі», — лічыць палітык.

А калі гаворка ідзе пра ціск на беларускую эканоміку, удар накіраваны яшчэ і на дабрабыт саміх грамадзян, дадаў ён.

Пры гэтым адзначыў, што Беларусь «заўсёды адкрытая да канструктыўнага дыялогу» без папярэдніх умоваў і ўльтыматумаў.

«Што да захадаў у адказ, якія ўжо прынятыя і яшчэ будуць выпрацаваныя: гэта не актыўная пазыцыя нашага народа, у нас у крыві няма духу вайны і, дарэчы, не мы яе пачыналі. Таму заўсёды адкрытыя да канструктыўнага дыялогу на раўнапраўнай аснове», — заявіў Лукашэнка.

«Нашы контрмеры не нацэленыя на нейкую дробную помсту. Задача — выкарыстоўваць існуючыя ўмовы нам на карысць».

«Тут пытанне варта разглядаць мінімум з дзвюх пазіцый: насычэнне рынку неабходнымі таварамі і недапушчальнасць росту цэн. Катэгарычна папярэджваю ўсіх прысутных аб неабходнасці захавання абодвух умоў», — сказаў Лукашэнка.

Ён сказаў, што ўраду, Нацбанку, мясцовым уладам і парламентарыям трэба будзе выпрацаваць комплекс мер па падтрымцы і развіцці ўнутранага патэнцыялу, пашырэнні вытворчасці запатрабаваных тавараў і паслуг.

«Гаворка ідзе нават не аб дапамозе грашыма або адмысловымі ільготамі. Часцяком варта проста прыбраць застарэлыя бар'еры, перашкоды, нейкія непатрэбныя ўзгадненні і іншую валтузню».

«Калі айчынны вытворца гатовы заняць унутраны рынак, дзе да гэтага гаспадарылі замежныя канкурэнты, трэба даць зялёнае святло такім ініцыятывам і на ўсіх узроўнях улады аказваць ім максімальнае садзейнічанне. Думайце, як дапамагаць такім ініцыятывам!»

«Спакойнага жыцця за тое, што мы змагаемся за сваю зямлю і за права быць гаспадарамі на ёй, нам ніхто не абяцаў. Таму цяпер як ніколі нам трэба мабілізаваць усе рэсурсы: вытворчыя, тэхналагічныя, фінансавыя, інтэлектуальныя, для таго, каб і народ, і ворагі бачылі, што мы — дзяржава, якая адбылася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0