У Брэсце ў апошні месяц назіраецца значны рост захворвання кавідам, паведаміў у сваім тэлеграм-канале старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

«Сёння раніцай галоўны санітарны лекар горада далажыў аб развіцці эпідэмічнай сітуацыі. На працягу апошняга месяца ў Брэсце назіраецца значны рост захворвання каранавіруснай інфекцыяй», — напісаў ён.

Ён распавёў, што па стане на 5 кастрычніка ў дзвюх гарадскіх бальніцах шпіталізавана 1300 пацыентаў з пнеўманіямі, з якіх 49 чалавек знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. 

«Усе гэтыя 49 пацыентаў не прышчэпленыя. Гэты факт пераконвае, што менавіта імунізацыя усіх слаёў насельніцтва застаецца найбольш эфектыўным спосабам барацьбы з каранавірусам», - падкрэсліў мэр.

Палова пацыентаў інфекцыйнай бальніцы ў Гродне — у цяжкім стане. Як перадае мясцовы тэлеканал «Гродна. Плюс», апошнія два тыдні ў медыкаў аўрал.

«Наша койка не пустуе. Яна запатрабаваная. На месца выпісаных пацыентаў вечарам будзе ўжо Новы пацыент. І мы нават не ведаем у якім стане, магчыма ён будзе ў больш цяжкім», — распавяла галоўны доктар Наталля Малышка.

Аднак афіцыйная статыстыка не паказвае значнага росту захворванняў. З 15 верасня па 2 кастрычніка ў Беларусі фіксавалася больш за 1900 выпадкаў каранавіруса штодня. 2 кастрычніка былі рэкордныя 1998 выпадкаў. Аднак 3 кастрычніка Мінздароўя паведаміў пра 1899 выпадкаў, а ўчора пра 1872.

Грып ці кавід? У гэтым годзе адрозніць няпроста

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0