Махатма Гандзі, гуру негвалтоўнага супраціву. «Усе мы з аднаго цеста, усе мы дзеці аднаго Творцы. Для мяне загадка, як людзі могуць ганарыцца тым, што прыніжаюць іншага», пісаў ён. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Махатма Гандзі, гуру негвалтоўнага супраціву. «Усе мы з аднаго цеста, усе мы дзеці аднаго Творцы. Для мяне загадка, як людзі могуць ганарыцца тым, што прыніжаюць іншага», пісаў ён. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Індыя ў часы Гандзі знаходзіцца пад кантролем Вялікабрытаніі. Большасць чыноўнікаў — брытанцы, якія маюць асаблівыя правы, напрыклад, ездзіць першым класам.

Адносіны ў вёсцы паўфеадальныя: сяляне плацяць падатак, зямельную рэнту, аддаюць частку ўраджаю. Большасць з іх жыве ў доўг.

Сярэдняя працягласць жыцця — 23 гады.

Прамысловасць і інфраструктура: шахты, чыгунка, фабрыкі апрацоўкі бавоўны — працуюць на тое, каб вывозіць багацце ў метраполію.

Брытанцы дазваляюць газеты, але цэнзуруюць іх, адкрываюць тры ўніверсітэты, але закрываюць на іх юрфакі.

У такой краіне рос маленькі Махандас Карамчанд. 

Першае фота Гандзі. На ім Махандасу Карамчанду 7 гадоў. Фота WIKIMEDIA COMMONS

Першае фота Гандзі. На ім Махандасу Карамчанду 7 гадоў. Фота WIKIMEDIA COMMONS

«Сціскаць сваю думку»

«Спярша яны цябе не заўважаюць, пасля смяюцца, затым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш».

Махандас Гандзі быў майстрам афарызмаў. Але як ён ім стаў? Няўпэўнены ў сабе малады адвакат упадаў у ступар, бляднеў, чырванеў і не мог на судзе сказаць ані слова. «Свет круціўся ў мяне перад вачыма, і я прасіў калегу прачытаць маю прамову!» Але гэта сыграла сваю ролю — каб не заблытацца ад хвалявання, Гандзі стараўся гаварыць мала: «Я ўзяў за звычку сціскаць сваю думку». З гэтага нарадзіўся яго афарыстычны стыль.

Дом, у якім нарадзіўся Гандзі ў горадзе Парба́ндар, штат Гуджарат. Парбандар знаходзіцца на захадзе Індыі, на беразе Індыйскага акіяна. Яго называюць Белым горадам, бо многія дамы тут збудаваныя з белага каменю. DEPOSITPHOTOS.COM, BY BELYAEV71

Дом, у якім нарадзіўся Гандзі ў горадзе Парба́ндар, штат Гуджарат. Парбандар знаходзіцца на захадзе Індыі, на беразе Індыйскага акіяна. Яго называюць Белым горадам, бо многія дамы тут збудаваныя з белага каменю. DEPOSITPHOTOS.COM, BY BELYAEV71

Праз разныя вокны, якія рассейваюць яркае сонечнае святло, маленькі Махандас глядзеў на свет. WIKIMEDIA COMMONS

Праз разныя вокны, якія рассейваюць яркае сонечнае святло, маленькі Махандас глядзеў на свет. WIKIMEDIA COMMONS

Увогуле, юны Гандзі хацеў стаць доктарам. Але супраць выступіў старэйшы брат: «Ты не таго паходжання, каб рэзаць трупы». Ну што ж, юрыст дык юрыст.

Махандас быў з заможнай сям’і. І бацька, і дзед працавалі на вельмі высокіх пасадах у каланіяльнай адміністрацыі.

У 13 гадоў Махандаса ажанілі з дзяўчынкай Кастурбай, старэйшай на год. Каб выйшла танней, вяселле спалучылі з другім, стрыечнага брата, хлопчыка таго ж узросту. Пасля вяселля малады «муж» працягваў хадзіць у школу.

«Я быў баязліўцам. Мяне пераследаваў страх зладзеяў, зданяў і змей. Я баяўся выйсці за дзверы ноччу. Я не мог спаць без святла, я ўяўляў зданяў, якія ідуць на мяне з аднаго боку, зладзеяў — з другога і змей — з трэцяга», — адчуванні маладога мужа. «Прызнавацца ў гэтым жонцы я саромеўся. Яна не баялася ні змей, ні зданяў. І магла пайсці ў цемры куды заўгодна».

На гэтым фота Гандзі (злева) ужо год як муж, яму тут 14 гадоў. Ён усё яшчэ школьнік. WIKIMEDIA COMMONS

На гэтым фота Гандзі (злева) ужо год як муж, яму тут 14 гадоў. Ён усё яшчэ школьнік. WIKIMEDIA COMMONS

У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей. Старэйшы сын назло бацьку прыняў іслам. Ён не хацеў змагацца за Індыю, адмаўляцца ад даходаў. Ён працаваў адвакатам, многа траціў і жыў у асалоду. На бацькавым пахаванні ён пабываў інкогніта, і хутка памёр ад цырозу. А трое іншых сыноў сталі паслядоўнікамі Махатмы. 

Вялікая душа

Індуісцкім тэрмінам «Маха́тма» — «вялікая душа» — назваў 46-гадовага Гандзі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат Рабіндранат Тагор. Так гэта імя і замацавалася, хоць пры нараджэнні Гандзі атрымаў імя Маханда́с Карамча́нд.

Адмова ад сэксу

Жонка Гандзі Кастурба ўсё жыццё заставалася непісьменнай. Адносіны ў сям’і былі няпростыя. «Жонка стала для мяне першым прыкладам негвалтоўнага супраціву».

«Ты ўзваліў на мяне ўсё, ты прымусіў мяне плакаць горкімі слязьмі, ператварыў у рабыню!» — папракала яна яго. У іх дома пастаянна нехта гасцяваў, еў…

Аднойчы Гандзі запрасіў да сябе чалавека з касты недатыкальных і раніцай сабраўся вынесці за ім начны гаршчок. Такімі дзеяннямі ён імкнуўся падтрымліваць недатыкальных, многія з якіх працавалі асенізатарамі, Гандзі называў іх «дзецьмі Божымі». «Жонка не хацела дапусціць, каб гэты гаршчок выносіў я, але і сама не жадала гэта рабіць», — успамінаў Гандзі. Яна плакала і лаялася, а муж настойваў, каб яна «з радасцю» зрабіла гэту працу. Разгарэлася сварка, і Гандзі ў гневе выпхаў жонку з дому. Потым, канечне, каяўся.

У маладосці Махандас моцна раўнаваў Кастурбу. Баяўся, што яна здрадзіць.

А ў 37 гадоў пара вырашыла назаўжды адмовіцца ад фізічнай блізкасці. «Нарэшце наш шлюб стаў шчаслівым і спакойным!» — пісаў Махандас. Для яго гэта было чарговае духоўнае практыкаванне.

На Гандзі вельмі паўплываў выпадак, які здарыўся ў яго 15 гадоў. Звычайна пасля школы хлопец сядзеў ля моцна хворага бацькі, але яму ўвесь час карцела бегчы да жонкі. І вось аднойчы ён развітаўся з татам, паляцеў да Кастурбы, а праз некалькі гадзін даведаўся, што тата памёр. Махандас усё жыццё перажываў, што не быў побач. Калі ў пары нарадзілася першае дзіця і неўзабаве памерла, Гандзі палічыў, што гэта пакаранне за яго юрлівасць, пажаднасць.

Адмовіўшыся ў 37 гадоў ад фізічнай блізкасці, ён нарэшце скінуў з сябе камень віны. Як на тое глядзела Кастурба, невядома. Знешне яна ва ўсім падтрымлівала мужа. Прадаўшы дом, раздаўшы каштоўнасці і ўборы, жыла разам з ім у паказной галечы, часта пад адкрытым небам. Ці не шкадавала? «Самае важнае ў жыцці — выбраць адзін кірунак і забыцца пра ўсе астатнія». 

Махандас і Кастурба ў 37 гадоў адмовіліся ад фізічнай блізкасці. «Пасля гэтага наш шлюб нарэшце стаў мірны і шчаслівы», — пісаў Гандзі. На фота: Гандзі з жонкай у глыбокай старасці. WIKIMEDIA COMMONS

Махандас і Кастурба ў 37 гадоў адмовіліся ад фізічнай блізкасці. «Пасля гэтага наш шлюб нарэшце стаў мірны і шчаслівы», — пісаў Гандзі. На фота: Гандзі з жонкай у глыбокай старасці. WIKIMEDIA COMMONS

Лондан

Пасля школы Махандас Гандзі, на той момант ужо бацька дваіх дзяцей, вырашыў паступіць ва ўніверсітэт. Хлопец выбраў адзін з самых дарагіх каледжаў Лондана: дарагі значыць якасны, меркаваў ён. Вялікая сям’я доўга не хацела адпускаць хлопца ў Еўропу. Калі Махандас пастанавіў усё ж ехаць, кіраўнік грамады адлучыў яго ад касты: «Ад сёння гэтае дзіця становіцца парыяй» (праз некалькі дзесяцігоддзяў знакамітага Гандзі прынялі назад).

19-гадовым Махандас клянецца не ўжываць мяса, не здраджваць жонцы і не піць. Тады маці адзявае яму на шыю пацеркі са свяшчэннага дрэва туласі і бласлаўляе на ад’езд. Кастурба з двума сынамі застаецца чакаць дома.

На еўрапейскую зямлю Гандзі ступіў у белым фланелевым касцюме — ён меркаваў, што сальецца з натоўпам. Але аказалася, што ў белае еўрапейцы адзяваюцца толькі ў спякотнай Індыі.

Першы час у Еўропе яму было асабліва цяжка — ён вельмі кепска гаварыў па-англійску: «Я не паспяваў зразумець сэнс фраз, а нават калі і паспяваў, то не мог адразу адказаць. Я будаваў у галаве кожны сказ, перш чым вымавіць. Я не ўмеў карыстацца нажом і відэльцам».

Гандзі быў вегетарыянцам. А падчас вучобы ў Лондане адкрыў для сябе шпінат. PIXABAY.COM

Гандзі быў вегетарыянцам. А падчас вучобы ў Лондане адкрыў для сябе шпінат. PIXABAY.COM

Наперадзе — гады спазнання заходняга жыцця і адначасова — сябе. Гандзі стараецца апранацца як сапраўдны англічанін: «Шаўковы цыліндр, накрухмалены каўнерык, шаўковая кашуля і асляпляльны гальштук усіх колераў вясёлкі. Касцюм-тройка, скураныя лакавыя туфлі з гетрамі, пальчаткі і кій са срэбнай булавешкай». У імкненні стаць джэнтльменам ён запісваецца на танцы і скрыпку. Але ні адно, ні другое яму не даецца. Затое сябры-вегетарыянцы падсоўваюць кнігі па гісторыі рэлігій. Ён глытае іх усе, захапляецца Бібліяй ды Каранам і звяртаецца да тэарэтычных асноў індуізму, якімі раней не цікавіўся. У кнізе «Бхагавадгіта» (гэта «індыйская Біблія», напісаная ў форме дыялогу героя-царэвіча Аджуны і бога Крышны) Гандзі знаходзіць падставы свайго будучага вучэння: самаадданасць і адрачэнне ад багацця.

Нягледзячы на добрыя адзнакі, Гандзі — слабы адвакат, бо сарамлівы. Але ён стараецца. Урэшце знаходзіць працу аж у паўднёвай Афрыцы. Яго наймае купец-мусульманін індыйскага паходжання. Кастурба з двума сынамі працягвае чакаць мужа ў Індыі.

Гандзі з работнікамі свайго адвакацкага бюро ў паўднёваафрыканскім Дурбане. WIKIMEDIA COMMONS

Гандзі з работнікамі свайго адвакацкага бюро ў паўднёваафрыканскім Дурбане. WIKIMEDIA COMMONS

Калі праз шмат гадоў першы чарнаскуры лідар Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Нэльсан Мандэла прыехаў у Індыю, ён прамовіў: «Вы далі нам Гандзі, а мы вам — Махатму». 25-гадовы юрыст Махандас Гандзі не ведаў, што Афрыка зробіць яго сусветнай знакамітасцю і духоўным лідарам. 

Нараджэнне Махатмы

Гандзі правёў у Афрыцы гады з 1893-га па 1914-ы. У сарамлівым адвакаце адкрыўся талент медыятара, ён здорава ўмеў мірыць бакі. Зарабляў на гэтым добрыя грошы. Ён змог купіць добры дом і прыгожа яго абставіць, перавёз сям’ю.

На баку Брытаніі ён удзельнічаў у войнах з бурамі, нашчадкамі галандскіх каланізатараў, і з зулусамі, карэнным народам Афрыкі. Можна было б чакаць, што ён стане на бок прыгнечаных, але не: і там, і тут Гандзі абараняў імперыю. Тады ён яшчэ верыў у імперыю, у тое, што будучыня Індыі — у складзе імперыі, проста змагаўся супраць расізму ў ёй. Тады яшчэ ён меркаваў, што для дасягнення роўнасці індыйцам трэба ва ўсім пераймаць еўрапейцаў: вопратку, манеры, этыкет — і такім чынам далучыцца да цывілізацыі.

У вайне з бурамі, нашчадкамі галандскіх каланістаў Афрыкі, Гандзі ўдзельнічаў на баку Брытаніі. WIKIMEDIA COMMONS

У вайне з бурамі, нашчадкамі галандскіх каланістаў Афрыкі, Гандзі ўдзельнічаў на баку Брытаніі. WIKIMEDIA COMMONS

Дыскрымінацыю Гандзі адчуў адразу: на суд у Іаганесбургу ён прыйшоў у еўрапейскім гарнітуры і індыйскім турбане. Ахоўнікі вывелі яго з залы.

У часы Гандзі жыхары поўдня Афрыкі — гэта брытанцы, буры, аўтахтоннае чарнаскурае насельніцтва… І індыйцы (у ПАР і сёння найбольшая ў свеце індыйская дыяспара). Чорныя і індыйцы — у бяспраўным становішчы, ім нельга хадзіць па тратуарах, ездзіць у дыліжансах…

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя брытанцы запрашалі індыйскіх рабочых на плантацыі цукровага трыснягу. Каб завабіць на край свету, кожнаму абяцалі зямельны ўчастак пасля пяці гадоў працы. Індыйцы хутка засялілі добрую частку рэгіёна, развілі бізнэс… Але ў 1867-м тут знайшлі алмазы. Брытанскі бізнэс усур’ёз узяўся цясніць канкурэнтаў-індыйцаў. Адзін за адным сталі прымацца законы супраць іх, каб вымусіць прадаць зямлю, бізнэс і з’ехаць.

Афрыканскія краявіды. WIKIMEDIA COMMONS

Афрыканскія краявіды. WIKIMEDIA COMMONS

Аднойчы начальства адправіла Гандзі на разбіральніцтва ў Прэторыю. Мужчына ўзяў квіток першага класа, сеў у купэ і паехаў, любуючыся афрыканскай прыродай. Праз нейкі час у купэ зайшоў спадарожнік. Пабачыўшы суседам азіята, ён прыйшоў у шал! Праваднікі сталі ўпрошваць Гандзі перайсці ў трэці клас, прызначаны для чарнаскурых і азіятаў, але той упіраўся, паказваючы свой законна набыты квіток. На станцыі Пітэрмарыцбург паліцыя выкінула Гандзі з цягніка разам з чамаданам. Ноч у зале чакання на гэтым правінцыйным вакзальчыку стала самай драматычнай у яго жыцці. Ён разважаў: вярнуцца ў Індыю ці далей жыць у прыніжэнні? І праз некалькі гадзін прыняў ключавое рашэнне.

Цяпер будынак вакзальчыка ў Пітэрмарыцбургу — месца паломніцтва. Як і турма ў Іаганесбургу, дзе Гандзі сядзеў разам з паплечнікамі.

  Стары вакзальчык у паўднёваафрыканскім Пітэрмарыцбургу. Тут Гандзі быў вымушаны пераначаваць, калі яго выкінулі з цягніка за колер скуры, і гэта ноч вызначыла яго жыццё. SA-VENUES.COM

Стары вакзальчык у паўднёваафрыканскім Пітэрмарыцбургу. Тут Гандзі быў вымушаны пераначаваць, калі яго выкінулі з цягніка за колер скуры, і гэта ноч вызначыла яго жыццё. SA-VENUES.COM

Мы не падпарадкоўваемся, але і не хаваемся

Улады брытанскай Афрыкі задумалі ўвесці рэгістрацыю: усе індыйцы з 8-гадовага ўзросту меліся рэгістравацца ў паліцыі і здаваць адбіткі пальцаў. «Нібы мы нацыя злачынцаў!» — гаравалі людзі. Паліцыя атрымала права без папярэджання заходзіць у дамы індыйцаў для праверкі. Непадпарадкаванне пагражала турмой і дэпартацыяй.

«Лепш памерці, чым пагадзіцца з падобным законам», — адрэагаваў Гандзі, якога ўжо добра ведалі як праваабаронцу.

Помнік Гандзі ў Іаганесбургу, Паўднёвая Афрыка. ANDRA´S OSVA´T, WIKIMEDIA COMMONS

Помнік Гандзі ў Іаганесбургу, Паўднёвая Афрыка. ANDRA´S OSVA´T, WIKIMEDIA COMMONS

Яго заклік быў просты, але наватарскі: мы не падпарадкоўваемся несправядліваму закону, але і не хаваемся ад адказнасці. Свой метад Гандзі назваў сацьяграхай, ад двух слоў на санскрыце — упартасць і ісціна.

«Вы гатовыя змагацца са злом да канца, страціць працу, сесці ў турму, цярпець катаванні, голад і нават памерці?» — пытае Гандзі ў натоўпу прыхільнікаў на мітынгу ў тэатры Іаганесбурга. Будзе цяжка, папярэджвае ён. Без пакутаў, без абмежаванняў не бывае выніку. Але ў канцы мы пераможам.

Поўны тэатр рук узняўся ў знак падтрымкі. Пачалася першая сацьяграха.

«Задушыць грамадзянскае непадпарадкаванне немагчыма, як немагчыма пасадзіць свядомасць у турму», — піша Гандзі.

На судзе за арганізацыю масавага мерапрыемства Гандзі горда заяўляе: так, гэта я лідар кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання, прашу асудзіць мяне самым строгім чынам, калі толькі шаноўны суд лічыць, што Чорны закон справядлівы. У адказ мяккі вырак — 2 месяцы турмы.

Гэты малады адвакат прыдумаў сацьяграху — метад негвалтоўнага, але настойлівага пратэсту. WIKIMEDIA COMMONS

Гэты малады адвакат прыдумаў сацьяграху — метад негвалтоўнага, але настойлівага пратэсту. WIKIMEDIA COMMONS

Тактыка Гандзі працавала ва ўмовах прававой дзяржавы, якой была Брытанская імперыя. Яе законы маглі быць страшна несправядлівымі, але калі штосьці было незабароненае, то за гэта і не каралі, а суддзі былі рэальна незалежныя ад выканаўчай улады.

Тым часам дзве тысячы чалавек у знак пратэсту публічна спалілі свае рэгістрацыйныя пасведчанні.

Першы прэм’ер-міністр незалежнай Індыі Джавахарлал Неру потым пісаў: заслуга Гандзі — ён змог пазбавіць свой народ страху, падараваў яму ўпэўненасць у будучай перамозе.

«Пад брытанскім панаваннем індыйскі народ адчуваў перш за ўсё страх — усёпаглынальны, прыгнятальны, задушлівы, страх перад арміяй, паліцыяй, шчупальцамі сакрэтных службаў, страх перад законамі, турмой, голадам… Менавіта супраць гэтага ўсюдыіснага страху падняў свой мірны і рашучы голас Гандзі: «Не бойцеся!»».

  Трэці клас, бо няма чацвёртага.Ужо ў Індыі Гандзі заўжды ездзіў толькі трэцім класам, падкрэсліваючы сваю блізкасць да народа. Калі яго спыталі, чаму ён ездзіць трэцім класам, ён пажартаваў: «Бо няма чацвёртага». WIKIMEDIA COMMONS

Трэці клас, бо няма чацвёртага.
Ужо ў Індыі Гандзі заўжды ездзіў толькі трэцім класам, падкрэсліваючы сваю блізкасць да народа. Калі яго спыталі, чаму ён ездзіць трэцім класам, ён пажартаваў: «Бо няма чацвёртага».
 WIKIMEDIA COMMONS

Радасць турэмнай аўсянкі

Страсці разаграваліся, і ў 1908 годзе Гандзі зноў апынуўся за кратамі. Яго асудзілі па некалькіх справах на больш як паўгода.

Турма аказалася цалкам прыстойным месцам, піша Гандзі і дадае: «Сапраўдны шлях да шчасця — трапіць у турму і трываць пакуты дзеля сваёй краіны і сваёй рэлігіі». Ён перачытвае «Бхагавадгіту» і з радасцю гатуе для ўсіх сукамернікаў аўсянку без цукру.

Домік у ашраме Сабармаці, у якім доўгія гады жыў Гандзі. WIKIMEDIA COMMONS

Домік у ашраме Сабармаці, у якім доўгія гады жыў Гандзі. WIKIMEDIA COMMONS

Яго рабочым кабінетам быў матрацык-сеннічок для сядзення, каля яго — столік і калаўрот. Побач знаходзіўся такі ж «кабінецік» сакратара. WIKIMEDIA COMMONS

Яго рабочым кабінетам быў матрацык-сеннічок для сядзення, каля яго — столік і калаўрот. Побач знаходзіўся такі ж «кабінецік» сакратара. WIKIMEDIA COMMONS

Гандзі кажа, што трэба працягваць раздражняць урад і запаўняць турмы. Гатоўнасць трываць у імя справы — сведчанне перакананасці ў сваёй рацыі і сур’ёзнасці намераў. І людзі самі масава ідуць у турмы: «губляюць» рэгістрацыі, гандляры — ліцэнзіі. Людзі групамі дэманстратыўна перасякаюць мяжу паміж калоніямі — гэта таксама парушэнне закона. Сусветная грамадскасць у шоку ад суровых пакаранняў за гэтыя дробныя, сімвалічныя парушэнні. «У Гандзі заключана неймаверная духоўная сіла, якая ператварае звычайных людзей у герояў і пакутнікаў», — заўважае адзін з паплечнікаў.

Урэшце каланіяльным уладам даводзіцца арыштаваць столькі людзей, што турмаў не хапае. Гандзі радасны і разгублены. Яго садзяць у турму ў Прэторыі, у карцар без вокнаў. Яму звязваюць рукі і ногі…

Грамадская думка ва ўсім свеце падтрымала мірны пратэст, асабліва спачувалі зняволеным жанчынам. Пачала бурліць і Індыя — а гэта залатыя патокі ў Брытанію. Віцэ-кароль стаў рабіць прымірэнчыя жэсты. Перамовы доўжыліся месяц. І ўрэшце — перамога. Прыніжальныя законы супраць азіятаў скасавалі.

Колер верхняй палоскі на сцягу Індыі называецца шафранавы. Ніжняй — індыйскі зялёны. 

Колер верхняй палоскі на сцягу Індыі называецца шафранавы. Ніжняй — індыйскі зялёны. 

На перамовах Гандзі дорыць мясцоваму міністру па справах калоній генералу Яну Смэтсу ўласнаруч зробленыя сандалі. У такіх ішлі ўдзельнікі яго маршаў пратэсту. Забаўна: праз 26 гадоў, на 70-годдзе Гандзі, Смэтс верне яму сандалі з жартам: «Я насіў іх кожнае лета, хоць і не адчуваў сябе вартым ісці па слядах такога вялікага чалавека».

Перамога забастоўкі, мірных пратэстаў неймаверна натхніла 45-гадовага Гандзі. Ён сабраў сям’ю і адправіўся дадому, у Індыю, дзе не быў больш за 20 гадоў, каб распаўсюдзіць сваю тактыку на радзіму. А на радзіме яго ўжо сустракалі як героя. 

Памылка велічынёй з Гімалаі

У Афрыцы Гандзі змагаўся супраць расізму, а ў Індыі — за незалежнасць. Але гэта быў таксама выключна мірны пратэст.

З аднаго боку, у індыйцаў проста не было зброі, яны не мелі з чым выступіць супраць брытанскай арміі і паліцыі. Але быў і другі бок.

Негвалтоўнасць была рацыянальнай стратэгіяй ва ўмовах Брытанскай імперыі. Для Гандзі гэта была таксама філасофія: «Усе мы з аднаго цеста, усе мы дзеці аднаго Творцы. Для мяне загадка, як людзі могуць ганарыцца тым, што прыніжаюць іншага».

Сям’я Гандзі вярнулася ў Індыю знакамітай. WIKIMEDIA COMMONS

Сям’я Гандзі вярнулася ў Індыю знакамітай. WIKIMEDIA COMMONS

1919 год. Індыя стомленая Першай сусветнай вайной — у складзе брытанскай арміі ваяваў амаль мільён індыйцаў. Цяпер яны чакаюць на новыя правы, свабоды, а магчыма, і статус дамініёна. Замест гэтага ўлады вырашаюць захаваць законы ваеннага часу: «Кожны, хто словамі, або жэстамі, або малюнкамі паспрабуе ўзбудзіць незадаволенасць урадам, падлягае пажыццёвай катарзе або турэмнаму зняволенню са штрафам ці без». Абураны Гандзі абвяшчае сацьяграху. Форма прыходзіць да яго ў сне — хартал.

Хартал — гэта рытуальнае ўстрыманне ад спраў, адначасова пост і забастоўка. Няхай усё насельніцтва на дзень пакіне свае заняткі і прысвяціць сябе малітве.

6 красавіка ўся Індыя не ідзе на працу. Акрамя таго, удзельнікі сацьяграхі вырашаюць парушыць закон аб продажы забароненай літаратуры і раздрукоўваюць дзве брашуры Гандзі. Попыт на іх неймаверны. Людзі наперабой хочуць прадэманстраваць сваю смеласць, кожны імкнецца заплаціць больш і з нецярпеннем чакае арыштаў. Сотні тысяч выходзяць на дэманстрацыі без усякай арганізацыі зверху… Пачынаецца сапраўдная рэвалюцыя: народ разбірае рэйкі, абразае правады.

Белы галаўны ўбор, падобны да пілоткі, Гандзі прыдумаў у 1920-м як сімвал барацьбы за незалежнасць. Нешта падобнае насілі зняволеныя (і сам Махатма) у турмах Паўднёвай Афрыкі. Шапачку сталі насіць члены партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс і назвалі яе ў гонар стваральніка — гандзі. Хлопчык у шапачцы гандзі і пацерках з дрэва базіліка свяшчэннага, культавай расліны індуістаў. SHISH_UPADHYAY, WIKIMEDIA COMMONS

Белы галаўны ўбор, падобны да пілоткі, Гандзі прыдумаў у 1920-м як сімвал барацьбы за незалежнасць. Нешта падобнае насілі зняволеныя (і сам Махатма) у турмах Паўднёвай Афрыкі. Шапачку сталі насіць члены партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс і назвалі яе ў гонар стваральніка — гандзі. Хлопчык у шапачцы гандзі і пацерках з дрэва базіліка свяшчэннага, культавай расліны індуістаў. SHISH_UPADHYAY, WIKIMEDIA COMMONS

Улады ў адказ разганяюць мітынгі, учыняюць публічныя поркі, а ў Амрытсары — свяшчэнным горадзе сікхаў — расстрэльваюць натоўп. Людзі там у пошуку паратунку сталі скакаць у калодзеж… Загінула 400 чалавек. Гандзі едзе туды, каб прымірыць і суцішыць, але паліцыя здымае яго з цягніка.

Гандзі раздушаны. Ён каецца, што заклікаў народ на пратэсты, калі той быў яшчэ не гатовы мірна змагацца. Заўчасную сацьяграху ён называе памылкай велічынёй з Гімалаі. 

Не купляць іх тавараў

Праз год Махатма выказвае новыя прапановы: мінімізаваць кантакты з брытанцамі (не весці бізнэс, не займаць пасады, не хадзіць у іх школы) — і не купляць брытанскіх тавараў.

І нечакана выявілася: брытанцы ў Індыі моцныя не самі па сабе, а дзякуючы таму, што індыйцы супрацоўнічаюць з імі. Асабліва Брытанія пацярпела на тканіне: індыйцы перасталі купляць брытанскую тканіну. Ланкастарскія вытворцы тканін патрабавалі выслаць Гандзі на бязлюдную выспу.

Крона бенгальскага фікуса, або баньяна, можа разрастацца на некалькі гектараў. Пад гэтым дрэвам, сярод яго паветраных каранёў, Гандзі часта праводзіў сустрэчы з паплечнікамі. WIKIMEDIA COMMONS

Крона бенгальскага фікуса, або баньяна, можа разрастацца на некалькі гектараў. Пад гэтым дрэвам, сярод яго паветраных каранёў, Гандзі часта праводзіў сустрэчы з паплечнікамі. WIKIMEDIA COMMONS

«Мы адмаўляемся ўдзельнічаць у вашых палітычных акцыях. Мы адмаўляемся прымаць вашу сістэму каштоўнасцяў, таму што ў нас ёсць свая і таму што мы можам гаспадарыць самі». Гэта думка змяніла свядомасць мільёнаў. 

Упартасць Гандзі

Гандзі на ўздыме, услед за кампаніяй несупрацоўніцтва ён абвяшчае кампанію непадпарадкавання… якая не адбылася з-за трагедыі. У невялічкім мястэчку жыхары палілі на плошчы англійскія тканіны, а калі паліцыя паспрабавала іх разагнаць, падпалілі будынак паліцыі. 21 чалавек згарэў.

Гандзі перапыняе сацьяграху. Ён лічыць, што народ не гатовы будаваць новую Індыю. Акцыі непадпарадкавання заліюць краіну крывёю.

Паплечнікі стараюцца пераканаць, пагражаюць, просяць. Спыняцца зараз нерацыянальна, даводзяць яны, трэба ціснуць.

Наша мэта — не выгнаць брытанцаў, а пабудаваць новую Індыю, кажа Гандзі. Чакаем.

Неўзабаве Гандзі арыштавалі. Ён атрымлівае шэсць гадоў, выходзіць з турмы ледзь жывы праз два: у яго пачаўся гнойны апендыцыт.

Некалькі гадоў Гандзі жыве ў ашраме. Ён прадзе, моліцца і раздумвае. У 1930-м брытанцы абвяшчаюць пра збор камісіі, якая зоймецца лёсам Індыі. У ёй — адны імперцы. Партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс і Гандзі пастанаўляюць змагацца за незалежнасць. 

Паўголы факір

Ідэя акцыі зноў прыходзіць да Гандзі ў сне. Соль — вельмі важны прадукт у гарачым клімаце, дзе яна пастаянна выходзіць з арганізма з потам. Соль была дзяржаўнай манаполіяй, як у многіх краінах цяпер — алкаголь і тытунь. Гандзі прапанаваў арганізаваць марш у гарадок Дандзі, дзе паклады марской солі ляжаць проста на ўзбярэжжы. Наперадзе 400 км, за Махатмаю ідуць 78 чалавек. Яны спыняюцца ў кожным паселішчы, і праз 23 дні ў Дандзі прыходзіць шматтысячная маніфестацыя. Гандзі выпарвае першую лыжку солі.

Улады гэта развесяліла: нейкія дзіцячыя гульні, пракаментаваў віцэ-кароль Індыі. Шоу гэтага напаўголага факіра выклікае агіду, пісаў Уінстан Чэрчыль.

У 400-кіламетровы Саляны марш Гандзі выступіў з 78 паплечнікамі. У горад Дандзі з ім прыйшлі ўжо некалькі тысяч. WIKIMEDIA COMMONS

У 400-кіламетровы Саляны марш Гандзі выступіў з 78 паплечнікамі. У горад Дандзі з ім прыйшлі ўжо некалькі тысяч. WIKIMEDIA COMMONS

А народ лікаваў: «Па ўсёй краіне, у гарадах і вёсках, галоўная тэма дня — як здабываць соль, мы знаходзілі самыя мудрагелістыя спосабы. Паколькі ніхто добра не разбіраўся ў гэтым пытанні, мы даведаліся пра яго ўсё, друкавалі ўлёткі з рэцэптамі, атрыманую соль (малапрывабны прадукт) паказвалі з урачыстым выглядам і часцяком прадавалі з аўкцыёну па дзікіх цэнах», — успамінаў кіраўнік Індыйскага нацыянальнага кангрэсу Джавахарлал Неру. І каяўся: «Нам было сорамна, што мы сумняваліся ў эфектыўнасці метаду Гандзі».

Гандзі збірае соль проста на беразе. WIKIMEDIA COMMONS

Гандзі збірае соль проста на беразе. WIKIMEDIA COMMONS

Розгалас акцыі каласальны. Улады ўжо не смяюцца. У Бамбей прыязджае кіраўнік брытанскай таемнай паліцыі. Гандзі пагражае захапіць брытанскія саляныя распрацоўкі. За гэтую пагрозу і лыжку выпаранай солі ён і яшчэ 80 тысяч чалавек на некалькі месяцаў трапляюць за краты. Ім спачувае ўвесь свет.

Пасля Салянога паходу амерыканскі часопіс «Time» абвясціў Гандзі чалавекам года. 

Пасля Салянога паходу амерыканскі часопіс «Time» абвясціў Гандзі чалавекам года. 

Улады вымушаныя ісці на перамовы. Віцэ-кароль прапануе Гандзі кампраміс — спыненне сацьяграхі ўзамен на амністыю палітвязняў, скасаванне дзяржаўнай манаполіі на здабычу солі, дазвол дзейнасці Індыйскага нацыянальнага кангрэсу. Гандзі згаджаецца.

Яго паплечнікі з ІНК у роспачы: нашто кампрамісы, калі поўная перамога так блізка… Гандзі апраўдваўся: народ яшчэ не гатовы да мірнай рэвалюцыі… Партыя рве з ім, ён — з партыяй. 

Так выглядаюць саляныя распрацоўкі на ўзбярэжжы сёння. SANDIP DEY, WIKIMEDIA COMMONS

Так выглядаюць саляныя распрацоўкі на ўзбярэжжы сёння. SANDIP DEY, WIKIMEDIA COMMONS

Бостанскае чаяпіцце з соллю

Паводле легенды, падчас сустрэчы з віцэ-каралём Індыі Гандзі дастаў пакецік з соллю: «Я насыплю трохі солі сабе ў чай у памяць пра Бостанскае чаяпіцце». Тонкі тролінг. Тады, у 1773 годзе, амерыканцы патапілі ў бостанскай гавані груз англійскага чаю. З гэтага пачалася Амерыканская рэвалюцыя, якая перарасла ў вайну за незалежнасць.

Барацьба за недатыкальных

Яшчэ будучы паспяховым адвакатам, Гандзі жаліўся: хочацца дапамагаць людзям па-сапраўднаму. Дзеля гэтага ён нават падпрацоўваў санітарам. Паступова Махандас вызначыўся: «Тое, дзеля чаго я жыву і з радасцю памру, — гэта поўная ліквідацыя недатыкальнасці».

Будынкі-трушчобы недатыкальных у Мумбаі. Індыя — усё яшчэ краіна сацыяльных кантрастаў. A.SAVIN, WIKIMEDIA COMMONS

Будынкі-трушчобы недатыкальных у Мумбаі. Індыя — усё яшчэ краіна сацыяльных кантрастаў. A.SAVIN, WIKIMEDIA COMMONS

Недатыкальнымі ў Індыі называюцца найніжэйшыя касты, гэта агромністая колькасць людзей, 16—17% грамадства. Традыцыйна яны жылі як ізгоі, ім не дазвалялі карыстацца супольнымі калодзежамі, храмамі, школамі, дарогамі…

Паколькі яны пакаленнямі займаліся самымі бруднымі работамі, імунітэт дазваляў ім не баяцца многіх бактэрый і вірусаў. Ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату, велізарнай шчыльнасці насельніцтва і нізкага ўзроўню агульнай гігіены іх ізаляцыя не давала інфекцыям распаўсюджвацца. Існуе такое тлумачэнне.

Недатыкальныя мелі свой рух, і іх лідар Амбедкар (ён таксама вывучыўся ў Лондане на юрыста) ненавідзеў Гандзі. Ён лічыў, што палітык піярыцца на іх праблемах і проста хоча атрымаць галасы. Сам Амбедкар перайшоў з індуізму ў будызм, які не прызнае кастаў, і прапагандаваў такое рашэнне сярод сваіх. Ён прапанаваў сваёй касце новую назву — даліты, «прыгнечаныя». Цяпер гэтая назва лічыцца самай паліткарэктнай.

У 1932 годзе брытанцы вылучылі недатыкальных у асобную выбарчую курыю, каб падчас выбараў яны не перасякаліся з іншымі кастамі. Гандзі запатрабаваў, каб ім дазволілі галасаваць з усімі, і абвесціў галадоўку.

«Я быў у шаленстве ад таго, што ён выбраў такое малаважнае пытанне для сваёй найвышэйшай ахвяры», — пісаў Неру (Гандзі быў больш філосафам, Неру — палітыкам).

Першы прэм’ер-міністр незалежнай Індыі Джавахарлал Неру, у адрозненне ад ідэаліста Гандзі, быў жорсткім прагматыкам. WIKIMEDIA COMMONS

Першы прэм’ер-міністр незалежнай Індыі Джавахарлал Неру, у адрозненне ад ідэаліста Гандзі, быў жорсткім прагматыкам. WIKIMEDIA COMMONS

Тыднёвая галадоўка дала плён, не ў апошнюю чаргу з-за гіпертанічных крызаў, якія яе суправаджалі. Народ страшэнна перажываў за здароўе свайго «святога». У выніку ўлады спецыяльна сабраліся ў выхадны, каб прагаласаваць за адмену закона. А лідары кастаў прынялі рэзалюцыю: недатыкальным даюць доступ да грамадскіх калодзежаў, храмаў, дарог, школ. У прысутнасці паплечнікаў і журналістаў Гандзі выпіў шклянку апельсінавага соку. Нобелеўскі лаўрэат Рабіндранат Тагор чытаў яму вершы на бенгальскай мове.

Шклянка апельсінавага соку — першае, што спажыў Гандзі пасля тыднёвай галадоўкі ў абарону недатыкальных.

Шклянка апельсінавага соку — першае, што спажыў Гандзі пасля тыднёвай галадоўкі ў абарону недатыкальных.

Сёння дыскрымінацыя недатыкальных лічыцца ў Індыі крымінальным правапарушэннем. Недатыкальныя маюць сваю партыю, трапілі ў суды, урад. У 1997-м Качарыл Нараянан стаў нават прэзідэнтам Індыі. Але каставыя канфлікты ўсё яшчэ здараюцца. 

«Пропаведзь недаверу да гэтай сістэмы стала маёй страсцю»

У чым быў сакрэт Гандзі? Харызма, абаяльнасць, уласны розум. Бацькі хацелі ад яго аднаго, імперыя — другога, партыя — трэцяга. А ён напружана разважаў, прыслухоўваўся да сябе і прымаў рашэнні.

І, канечне, моцна верыў у свой народ, у які даўно ніхто не верыў. Змагаючыся заадно, індыйцы ўсё ж змагаліся за рознае: інтэлігенцыя — за незалежнасць, бедныя сяляне — за сарвадаю, грамадства роўнасці, дзе і яны стануць гаспадарамі.

Махатма ў акружэнні прыхільнікаў. За ім — жонка Кастурба. WIKIMEDIA COMMONS

Махатма ў акружэнні прыхільнікаў. За ім — жонка Кастурба. WIKIMEDIA COMMONS

Пасля саляной кампаніі Гандзі адышоў ад палітыкі. Зрэшты, ён быў ужо немаладым.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, ідэаліст Гандзі піша лісты Адольфу Гітлеру: «Дарагі сябра, відавочна, вы адзін можаце прадухіліць вайну, якая верне чалавецтва ў стан варварства. Ці трэба вам плаціць гэтую цану за сваю мэту, якой бы жаданай яна не здавалася?»

З аднаго боку людажэр Гітлер, з другога — Брытанія, супраць якой ужо 20 гадоў ідзе ўпартае змаганне. Хай бы на нас напала Японія, марыў тады Неру, лепш ужо памерці, чым жыць вось так, без усякай надзеі. «А там, дзе нашы магілы, там і ўваскрашэнне».

Адзін з апошніх партрэтаў Кастурбы Гандзі. Яна ўсё жыццё мела праблемы з лёгкімі і ў 74 памерла ад пнеўманіі. У шлюбе з Махандасам яны пражылі 60 гадоў. WIKIMEDIA COMMONS

Адзін з апошніх партрэтаў Кастурбы Гандзі. Яна ўсё жыццё мела праблемы з лёгкімі і ў 74 памерла ад пнеўманіі. У шлюбе з Махандасам яны пражылі 60 гадоў. WIKIMEDIA COMMONS

І тут на арэну апошні раз выйшаў Гандзі. Ідзе вайна з Гітлерам, усё вельмі хістка — Гандзі ставіць ультыматум. Няхай Брытанія прызнае права Індыі на самавызначэнне, інакш мы пачнём мяцеж, піша ён у 1942-м. 

Уздым быў імклівы, але нядоўгі. Гандзі, Неру, іншых лідараў пасадзілі, як і яшчэ сто тысяч чалавек. Людзей масава секлі розгамі, штрафавалі цэлымі вёскамі, кварталамі, факультэтамі. Палявыя суды прысуджалі да смяротнага пакарання.

Індыйскі нацыянальны кангрэс ізноў прайграў. Але

Гандзі вучыў: «Кожны раз, калі я цярплю паражэнне, я вучуся і станаўлюся больш рашучым. Кожная параза набліжае канчатковую перамогу». 

Перамога

Нельга сказаць, што гэта мірная рэвалюцыя Гандзі перамагла каланіялізм. Аднак сацьяграха падрыхтавала глебу для перамогі.

Байкот англійскіх тавараў наносіў вялізную эканамічную шкоду імперыі. А мірныя, сімвалічныя акцыі выклікалі захапленне і спачуванне ва ўсім свеце — найперш у самога брытанскага грамадства.

Заслуга Гандзі і ў тым, што Брытанія сышла з калоніі мірна, «без злоcці і ганьбы», як пісаў філосаф Арнольд Тойнбі. Гандзі разумеў, што добрыя адносіны важнейшыя за гістарычныя крыўды.

Гандзі заспеў і абвяшчэнне незалежнасці Індыі 15 жніўня 1947-га, і аддзяленне Пакістана, і страшныя канфлікты індусаў і мусульман на гэтай глебе. На тэрыторыі Пакістана засталося шмат індуістаў, а ў Індыі — мусульман. Гандзі ездзіць па краіне, спрабуючы, патрабуючы, угаворваючы спыніць гвалт, і ўрэшце абвяшчае чарговую галадоўку: «Я хачу сцэментаваць індуістаў і мусульман. І я сцэментую іх сваёй крывёю, калі спатрэбіцца».

30 студзеня 1948 года Гандзі забівае фанатык-індуіст. 

Месца забойства Гандзі ў Нью-Дэлі. Інсталяцыя перад ім — апошнія крокі Махатмы. DEPOSITPHOTOS.COM, BY SAIKO3P

Месца забойства Гандзі ў Нью-Дэлі. Інсталяцыя перад ім — апошнія крокі Махатмы. DEPOSITPHOTOS.COM, BY SAIKO3P

«Наша мэта — новая Індыя, а не скінуць брытанцаў»

Не прыпыняй барацьбы да перамогі і будзь гатовы пакутаваць дзеля выніку, змагайся за, а не з (наша мэта — новая Індыя, а не скінуць брытанцаў, казаў Гандзі), не ідзі на гвалт, нават калі цябе правакуюць, спрабуй зразумець апанента і шукай кампрамісу. На гэтым будуецца сацьяграха.

Гандзі запавядаў спаліць яго цела на свяшчэннай рацэ Ганг і развеяць прах. Тысячы людзей прыехалі развітацца з ім. WIKIMEDIA COMMONS

Гандзі запавядаў спаліць яго цела на свяшчэннай рацэ Ганг і развеяць прах. Тысячы людзей прыехалі развітацца з ім. WIKIMEDIA COMMONS

Гандзі абвяшчаў сваю тактыку ўніверсальнай, аднак урэшце прызнаўся сабе, што гэта не так. Яна не спрацоўвае пры людаедскіх рэжымах, яна б не спрацавала ў барацьбе з гітлерызмам ці ў Паўночнай Карэі.

Брытанская імперыя была досыць ліберальным каланізатарам. «У патаемным кутку майго сэрца… — пісаў Махатма, — я вяду пастаянную спрэчку з Богам, які дапускае жахлівыя рэчы, маё ненасілле здаецца амаль бяссільным».

Але Гандзі і яго тактыка ўзрасцілі годнасць у індыйцах, і не толькі: «Гандзі дастаў найлепшае з нас і паказаў ворагу на яго памылку. Дзякуючы яму мы пазбавіліся страху, які душыў нас, пачалі глядзець людзям у твар, чаго раней ніколі не рабілі, гаварыць шчыра і адкрыта.

Цяжкі груз зваліўся з нашага духу, здабытая свабода слова і дзеяння напоўніла сілай, — пісаў Неру. — Гэта было псіхалагічнае пераўвасабленне, як быццам псіхааналітык даследаваў мінулае пацыента, выявіў прычыну яго комплексаў і, агаліўшы яе, пазбавіў ад гэтага грузу».

Помнік Гандзі ў 2015 годзе з’явіўся ў Мінску, ва ўнутраным дворыку БДУ. Але чалавеку з вуліцы яго не пабачыць. ФОТА ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Помнік Гандзі ў 2015 годзе з’явіўся ў Мінску, ва ўнутраным дворыку БДУ. Але чалавеку з вуліцы яго не пабачыць. ФОТА ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Клас
30
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
9