Распыталі Сяргея, як ён перанёс гэтыя паўгода ў хатняй ізаляцыі і што разам з калегамі збіраецца рабіць з рашэннем Мінгарвыканкама ліквідаваць іх арганізацыю.

Адвакат Сяргея яшчэ ў маі спрабаваў дабіцца змены Сяргею меры ўтрымання, ужо тады былі знойдзеныя паручальнікі, аднак гэта адбылося ў ліпені. 

«Вырашальным, на мой погляд, стаў тэрмін — гэтыя шэсць месяцаў. Бо па законе, каб утрымліваць мяне і Алега пад арыштам больш за гэты час, следству былі б патрэбныя значныя новыя падставы. Мусіць, іх не было», — выказвае здагадку Сяргей.

Паўгода ён правёў амаль што замкнёным у сваёй хатняй прасторы. Сяргей меў доступ да тэлебачання і радыё, але інтэрнэтам карыстацца было нельга. Шпацыр — адзін раз на дзень з 11 да 12 вакол дома. Можна было таксама наведваць дактароў, калі на тое даваўся папярэдні дазвол. 

«Як вазочніка, мяне маглі наведваць блізкія, яны дапамагалі з побытавымі момантамі. Тое, што я маю інваліднасць, спрасціла мне адсутнасць руху як такога: я даўно прызвычаіўся займацца фізічнымі практыкаваннямі дома. Я ўспрыняў арышт як складаную задачу, якой дамо рады. Перагортваў хатнюю бібліятэку, змог засесці за напісанне планаў. Цяжка, калі табе няма з кім іх абмеркаваць. Але ўсё гэта не параўнаецца з цяжкасцямі таго ж Алега ў СІЗА».

Першае, што зрабіў Сяргей, калі арышт скончыўся, акрамя званкоў сябрам і пагружэння ў сацсеткі, гэта наведаў цырульню. 

«Я для сябе вырашыў, што не буду падчас арышту шукаць магчымасці гэта зрабіць. Зарос за паўгода заўважна. Увогуле, гэта, канечне, вельмі прыемныя пачуцці: калі ты можаш выходзіць на вуліцу, калі табе трэба, можаш тэлефанаваць таму, каму табе трэба, пісаць у фэйсбуку. Такія звычайныя рэчы, але такія важныя». 

У лютым пасля апытання ў ДФР Сяргей расказваў, як яму пагражалі турмой, калі ён не прызнаецца ў злачынствах іх арганізацыі, называлі махляром. Супрацоўнікі, што бралі ўдзел у апытанні, паводзілі сябе груба. Тады ж Сяргей агучыў, што ўвага органаў да іх была выкліканая нібыта фінансаваннем пратэстоўцаў. Па словах Сяргея, мінулыя паўгода арышту супрацоўнікі ставіліся да яго карэктна.

Сяргей быў у курсе, што адбывалася ў краіне, але выключна ў фармаце «загалоўкаў», без падрабязнасцяў. Таму ў першы ж дзень змянення меры ўтрымання задаўся мэтай максімальна запоўніць інфармацыйныя прабелы і перачытваў старыя навіны ў дэталях. Прызнаецца, што ўсё гэта далося яму цяжка: «нібыта навіны штодзень былі горшымі і горшымі».

Пра тое, што Мінгарвыканкам у канцы ліпеня прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Офіса па правах людзей з інваліднасцю», Сяргей даведаўся ад калег праз адваката. 

«Наш «Офіс» стаў адным з шэрагу арганізацый, якія хочуць ліквідаваць. І пакуль што мы, як і астатнія калегі, атрымалі неадэкватныя тлумачэнні: за тое, што мы 24 месяцы не прыносілі прыбытку (але ж мы некамерцыйная ўстанова). Вядома, гэта не можа быць сапраўднай прычынай.

У панядзелак мы з калегамі будзем збірацца і вырашаць, як працаваць далей. У нас, напрыклад, быў распачаты вялікі праект па працы з дзецьмі з інваліднасцю, а зараз нашы банкаўскія рахункі арыштаваныя. Трэба будзе зразумець, як працягваць нашу дзейнасць, бо ў нас няма сумневаў, што яе трэба працягваць. У сённяшніх умовах яшчэ больш актуальная праца па абароне правоў чалавека. Дзяржаўныя органы працягваюць шукаць нейкія змовы і тэрарыстаў з экстрэмістамі, зачышчаюць праваабарончыя арганізацыі, але немагчыма жыць па-за межамі правоў у сучасным свеце. Як і немагчыма забараніць прагу свабоды і жаданне лепшай будучыні», — каментуе Сяргей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0