Брытанія ў аўторак першай з заходніх краін пачынае масавую вакцынацыю ад каранавіруса. Першымі прышчэпкі атрымаюць прадстаўнікі 10 вызначаных урадам груп рызыкі — людзі векам за 80 гадоў, пацыенты дамоў састарэлых, а таксама медыцынскія і сацыяльныя работнікі, паведамляе Бі-бі-сі.

Усяго замоўлена 40 млн доз вакцыны. Першая партыя з прыкладна 800 тысяч вакцын ужо дастаўленая ў Брытанію з Бельгіі, дзе яна вырабляецца.

Вакцына складаецца з двух ін'екцый, якія робяцца з розніцай у 21 дзень.

Правакцынаваць групы рызыкі плануецца да вясны, і з мая вакцына стане даступная для асноўнай масы насельніцтва.

Прэм'ер-міністр Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што гэты працэс не будзе хуткім, і заклікаў выконваць абмежаванні і правілы гігіены.

Усім прышчэпленым выдадуць сертыфікат аб вакцынацыі — невялікую картку, на якой будуць пазначаны імя і прозвішча, а таксама дата атрымання першай і другой ін'екцый.

Тыдзень таму брытанскія ўлады першымі ў свеце ўхвалілі вакцыну сумеснай вытворчасці амерыканскай Pfizer і нямецкай BioNTech для масавага прымянення.

Дзве іншыя вакцыны — амерыканская Moderna і брытанская AstraZeneca — пакуль знаходзяцца на разглядзе рэгулятараў.

У Расіі да масавай вакцынацыі прыступілі 5 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0