У магілёўца Аляксея Барысава міліцыя канфіскавала камп'ютарную тэхніку, тэлефон, два бел-чырвона-белыя сцягі, улёткі з перадвыбарнай кампаніі Святланы Ціханоўскай, паштоўкі і плакаты з ёй. Прычына — «прафілактычныя меры па недапушчэнні парушэння артыкула 23.34». «Нават кубак з «Пагоняй», які мне на дзень нараджэння падарылі, і той забралі», — расказаў Tut.by магілёвец.

Маёмасць Аляксея Барысава канфіскавалі 6 снежня. Па словах Барысава, раніцай яму патэлефанаваў супрацоўнік Ленінскага РАУС Яўген Назараў, сказаў, што трэба сустрэцца — «правесці гутарку». Назараў прыехаў з яшчэ адным супрацоўнікам міліцыі і адразу прад'явіў Барысаву санкцыю пракурора на агляд яго кватэры.

У кватэру міліцыянт Назараў з калегам падняўся на агляд толькі тады, калі прыехаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва Цімур Пахоменка.

— Прычынай агляду кватэры і канфіскацыі рэчаў міліцыянты назвалі «прафілактычныя меры па недапушчэнні здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння». Адзін міліцыянт сказаў, што на мяне суседзі скардзяцца — праз тое, што на балконе вісіць БЧБ-сцяг, — распавёў Аляксей Барысаў.

Канфіскавалі не толькі сцяг, але і ўсё, што было з БЧБ-сімволікай. Таксама забралі ноўтбук, чужы камп'ютар, тэлефон. Барысаву сказалі, што тэхніку будуць даследаваць на прадмет правапарушэння. Пратакол канфіскацыі склалі пры панятых, але ніякіх дакументаў міліцыянты Барысаву не выдалі.

Што будзе з канфіскаванай у яго маёмасцю, Аляксей зможа даведацца не раней, чым праз тыдзень: міліцыянты сказалі тэлефанаваць пасля 14 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0