Міжнародны алімпійскі камітэт увёў санкцыі супраць НАК Беларусі за дыскрымінацыю спартоўцаў па палітычнай прыкмеце. Аляксандру і Віктару Лукашэнкам і Дзмітрыю Баскаву будзе забаронена прысутнічаць на Алімпіядзе і ўдзельнічаць у любых мерапрыемствах МАК. Акрамя таго, МАК спыняе ўсе выплаты НАКу Беларусі. Стыпендыі спартоўцам будуць ісці наўпрост.

Беларуска, грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ атрымала два з паловай года калоніі за тое, што сарвала балаклаву з амапаўца на жаночым маршы ў Мінску. Наталля не прызнала за сабой ніякай віны, а ў апошнім слове сказала пра Беларусь будучыні, дзе права мірных сходаў будзе гарантавацца дзяржавай. «Пацярпелы» адсудзіў сабе яшчэ і 1000 рублёў маральнай кампенсацыі. Прозвішча гэтага амапаўца не паведамляецца, на судзе ён фігураваў пад псеўданімам «Кончык».

Штаб Ціханоўскай апублікаваў канцэпцыю новых выбараў, якія павінны прайсці неадкладна пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Сярод прынцыпаў — доступ назіральнікаў да ўсіх этапаў выбараў, адкрыты падлік галасоў. Ціханоўская абяцае, што застанецца на пасадзе толькі да новых выбараў.

Лукашэнка зноў абрынуўся на «дармаедаў»: «Сёння непрацуючы валацуга — гэта не проста пратэстун на вуліцы, гэта будучы злачынец».

Важная мера для змяншэння сацыяльных кантактаў: тэрмін дзеяння некаторых дакументаў падаўжаюць на 6 месяцаў. Гэта датычыць дакументаў, якія выгасаюць у перыяд з 10 лістапада 2020 года па 10 мая 2021 года. Сярод дакументаў — медыцынскія даведкі, пашпарт, пасведчанне кіроўцы ды іншыя.

Пенсіянеры спрабавалі сабрацца на марш у Мінску. На іх ізноў кінулі сілавікоў, цэнтр Мінска быў перагароджаны.

З ГрДУ звольнілі адзінага беларускамоўнага выкладчыка фізікі.

«Усіх нюансаў свайго перакідання за кардон я раскрыць не магу». Баец Кудзін, які адправіў сілавіка ў накаўт, даў першае інтэрв'ю пасля ўцёкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0