Павел Шабека — падпалкоўнік Следчага камітэта ў адстаўцы. Пагоны насіў дваццаць год, працаваў у МУС, ДФР і СК. Звольніўся напачатку 2019-га з пасады следчага ўпраўлення працэсуальнага кантролю, кантраляваў расследаванне фінансавых крымінальных спраў. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» ён выказаў абурэнне парушэннямі законнасці, якія, на яго думку, адбываюцца ў краіне.
«Паглядзіце, як паводзіць сябе міліцыя. Выбягаюць з аўтазака, аднаму локцем у сківіцу, бабку штурханулі, кашмар які! — сказаў Павел Шабека. — Разумееце, ахоўнік грамадскага парадку не можа працаваць інкогніта. Я ведаю, што такое бэйджык, я яго насіў, мяне цешыла маё імя на ім.
Логіка ў тым, што мы плацім кожны месяц пэўную суму, каб нас ахоўвалі: міліцыянер павінен мяне абараняць, а я павінен ведаць, хто мяне абараняе. Калі я захачу, каб мяне пабілі, то я заплачу грошы баксёрскаму клубу.
А тут АМАП ператварыўся ў нейкі авангард бязмежжа: праца ў цывільным, балаклавы на тварах. Хлопцы, вы каранавіруса баіцеся? Не думаю — яны спадзяюцца на не-а-па-зна-ва-ль-насць.
Калі б нейкі іншы чалавек бег і злёту нанёс удар локцем мінаку — гэта ўжо крымінальная справа. А тут мы што назіраем? Работнік выбягае са службовай машыны, б'е чалавека і бяжыць далей.
Мужыкі, вы самі ведаеце тэрміны даўніны па такіх злачынствах, вы сапраўды думаеце, што гэтая ўлада пратрымаецца яшчэ 10 год і зможа вас прыкрываць?
Я проста ў шоку. Намеснік міністра МУС кажа: «Давайце сыдзем ад прававой ацэнкі!» Перад тым як такое казаць, ты павінен зняць форму! Таму што сэнс службы ў міліцыі — у дачы прававой ацэнкі дзеянням грамадзян.
Кожны міліцыянер ведае, што ў МУС ёсць такая святая карова: «прафілактыка правапарушэнняў». Дык вось, я бачу, што прафілактыкі ператвараюцца ў правакатараў — я і пра выпадак з Ціханоўскім у Гродне тут кажу. Адбываецца дэвальвацыя права», — сказаў былы следчы.