Германія з панядзелка адмяніла апошнія абмежаванні на дзяржаўных межах — цяпер грамадзяне могуць перасякаць іх бесперашкодна, як і было да пандэміі. Раней адпаведнае рашэнне прынялі ўлады краіны, піша tass.ru.

ФРГ увяла абмежаванні на неабавязковыя паездкі за мяжу 17 сакавіка. З тых часоў на межах дзяжурылі 6 тысяч супрацоўнікаў федэральнай паліцыі. Амаль 200 тысяч чалавек не пусцілі ў ФРГ за апошнія тры месяцы, паведаміў кіраўнік МУС Хорст Зеехофер. З сярэдзіны мая рэжым памежнага кантролю паступова памякчалі, цяпер ён адменены цалкам.

Таксама адмененае папярэджанне аб небяспецы падарожжаў у 29 краін Еўропы (чальцы ЕС і Шэнгена). Адпаведныя папярэджанні ўлады ФРГ выносяць, калі мяркуюць, што абстаноўка ў той ці іншай краіне пагражае нямецкім грамадзянам. Адмена гэтага рэжыму азначае аднаўленне рэгулярных пералётаў.

Адначасова да 31 жніўня захоўваецца папярэджанне на паездкі ў больш як 160 дзяржаў за межамі Еўропы. Гэта азначае, што жыхарам Германіі не ўдасца правесці адпачынак у краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Да верасня будуць магчымыя кропкавыя выключэнні, калі ў якой-небудзь краіне эпідэміялагічная абстаноўка істотна палепшыцца.

Адкрываючы межы, улады ФРГ папярэджваюць, што грамадзянам самім прыйдзецца вырашаць магчымыя праблемы, калі другая хваля выкліканага каранавірусам захворвання заспее іх у паездцы. Калі Германія ў сярэдзіне сакавіка ўвяла абмежаванні, высветлілася, што за мяжой знаходзяцца каля 240 тысяч нямецкіх турыстаў. Іх вывезлі на Радзіму за пяць тыдняў. У МЗС папярэдзілі, што другі раз такую акцыю ўлады правесці не змогуць.

Германія ўжо на працягу некалькіх тыдняў паступова змякчае забароны, уведзеныя з-за каранавіруса. Ва ўсіх федэральных землях ужо працуюць музеі, фітнес-клубы, басейны пад адкрытым небам, пляжы, гатэлі, турбазы, рэстараны, бары, крамы, дзіцячыя сады і школы.

Пры гэтым абмежаванні на сацыяльныя кантакты пакуль дзейнічаюць — збірацца можна максімум удзесяцёх або ў коле прадстаўнікоў дзвюх хатніх гаспадарак. Застаецца ў сіле масачны рэжым у крамах і грамадскім транспарце.

У ФРГ каранавірусам заразіліся больш за 186,2 тыс. чалавек, 172 тыс. ачунялі, памерлі 8,7 тыс. пацыентаў. Тэмпы пашырэння інфекцыі ў краіне скарачаюцца з мая.

Ужо ў аўторак германскія распрацоўшчыкі прадставяць грамадскасці дадатак для смартфонаў, які дазволіць адсочваць кантакты носьбітаў каранавіруса.

Выкарыстоўваць яго можна будзе выключна на добраахвотнай аснове. Прынцып працы наступны: пры ўключаным перадатчыку Bluetooth смартфоны карыстальнікаў, якія, да прыкладу, стаяць у адной чарзе ў краме, будуць фіксаваць адзін аднаго і захоўваць гэтую інфармацыю ва ўнутранай памяці. Калі пасля хтосьці захварэе, то аўтаматычныя апавяшчэнні прыйдуць усім, хто знаходзіўся побач — на вуліцы, у краме, у транспарце і гэтак далей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0