Здарэнне адбылося ў Маладзечне ў краме на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. У міліцыю звярнулася ўладальніца прыватнай крамы: яна распавяла, што невядомыя разбілі акно і вынеслі з кабінета дырэктара сейф, піша kraj.by.

— Акрамя сейфа, з крамы знікла выручка ў 1480 рублёў. У касе захоўвалася нязначная сума, асноўная была ў скрыні пад касавым апаратам, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік Маладзечанскага РАУС Юлія Крук.

Сейф, абсталяваны кодавым замком, быў у кабінеце дырэктара ў шафе. Але насуперак правілам ён не быў нічым замацаваны, а ў краме не было ні сігналізацыі, ні камеры відэаназірання.

На працягу сутак супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маладзечанскага РАУС раскрылі злачынства і затрымалі падазраваных. Імі аказаліся раней судзімыя за крадзеж жыхары Маладзечна: адзін 40-гадовы, а другому 29 гадоў.

Падазраваныя распавялі, што адкрылі ралет, не замкнёны на замок, і кухоннай сякеркай разбілі шкло. Сейф, па словах фігурантаў, яны вынеслі ў поліэтыленавым пакеце. Пакідаючы магазін, апусцілі за сабой ралет, каб не выклікаць падазрэнняў.

Пасля гэтага маладзечанцы паехалі ў Вязынку да знаёмага, у якога пазычылі інструмент для ўскрыцця сейфа. Аднак, калі распілавалі яго, то грошай не знайшлі, толькі дакументы. Паперы яны спалілі, а сейф закапалі ў лесапаласе.

Выручку падзялілі паміж сабой.

Цяпер падазраваныя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0