Ва Украіне зафіксавана першая смерць з-за каранавіруса. Пра гэта заявіла саветнік міністра аховы здароўя, доктар-інфекцыяніст Вольга Галубоўская, піша «РБК-Україна».
Як адзначыла лекар, памёр чалавек, які пражываў у горадзе Радомышль Жытомірскай вобласці.
«На жаль, першы памерлы ад COVID-19. Жытомірская вобласць», — напісала яна.
Пазней украінскае мінздароўя пацвердзіла гэтую інфармацыю. Загінула 71-гадовая жанчына.
71-гадовая жанчына з Жытомірскай вобласці вярнулася 1 сакавіка з Польшчы ва Украіну.
У жанчыны інфекцыю выявілі 12 сакавіка, яна не адразу звярнулася па дапамогу дактароў і не самаізалявалася пасля вяртання з-за мяжы, паведамляюць мясцовыя ўлады.
3 сакавіка ў жанчыны пагоршылася самаадчуванне, але яна не звярталася да лекараў. Яе шпіталізавалі ў раённую бальніцу ў Радомышль 12 сакавіка.
BBC паведамляе, што жанчына 8 сакавіка наведвала царкву і цалавала ікону.
Таксама жанчына пасля прыезду з Польшчы гасцявала ў сваіх сваякоў ў Львоўскай вобласці, але яны не захварэлі.