Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ апублікавала выніковую справаздачу аб назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў лістападзе мінулага года. Бюро выпрацавала 32 рэкамендацыі для паляпшэння выбарчага працэсу, пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на прэс-службу арганізацыі.

Беларускім ўладам рэкамендуюць перагледзець выбарчае заканадаўства ў адпаведнасці з раней дадзенымі БДІПЧ рэкамендацыямі, у тым ліку ў дачыненні да складу выбарчых камісій, правоў кандыдатаў і назіральнікаў, працэдур галасавання, падліку галасоў. Таксама ўказваецца на неабходнасць укараніць празрыстыя працэдуры падліку бюлетэняў, палепшыць празрыстасць датэрміновага галасавання.

Эксперты БДІПЧ АБСЕ падкрэслілі, што Беларусі трэба прывесці заканадаўства, якое тычыцца свабоды правядзення сходаў і выказвання меркаванняў, у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, забяспечыць права асобных асоб і груп ствараць свае палітычныя партыі без неапраўданых абмежаванняў.

У справаздачы таксама змяшчаюцца рэкамендацыі для паляпшэння механізму рэгістрацыі кандыдатаў, каб павысіць транспарэнтнасць працэсу і пазбегнуць адмоваў у рэгістрацыі ў выніку малаважных недакладнасцяў у пададзеных імі дакументах.

Акрамя таго, БДІПЧ АБСЕ заклікала беларускія ўлады адмяніць аплату за правядзенне публічных мерапрыемстваў да, падчас і пасля выбараў (ужо год у Беларусі дзейнічаюць «тарыфы на пікет» — арганізатары масавых мерапрыемстваў павінны аплаціць паслугі міліцыі, выдаткі на медабслугоўванне і ўборку тэрыторыі падчас акцый).

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбыліся 17 лістапада 2019 года. Па выніках выбараў у парламент не трапіла ніводнага апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты.

18 лістапада 2019 года назіральнікі ад АБСЕ заявілі, што парламенцкія выбары ў Беларусі прадэманстравалі «поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязацельстваў». МЗС Беларусі адказаў АБСЕ, што «мы праводзім выбары для сваёй краіны і народа, а не ва ўгоду знешнім сілам». Еўрасаюз назваў мінулыя выбары «страчанай магчымасцю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0