Не менш за адзінаццаць чалавек загінулі ў выніку страляніны ў нямецкім горадзе Ханау, размешчаным у федэральнай зямлі Гесэн прыкладна за 20 кіламетраў ад Франкфурта-на-Майне. Такія звесткі паліцыя апублікавала ў ноч на чацвер. Акрамя таго, як мінімум пяць чалавек атрымалі цяжкія раненні, адзначаецца ў заяве праваахоўнікаў, паведамляе Deutsche Welle.

Па паведамленнях відавочцаў, вечарам 19 лютага невядомыя адкрылі агонь у адной з кальянных у цэнтральнай частцы Ханау, застрэлілі мінімум трох чалавек.

Нападнікі збеглі, а праз некаторы час з'явілася інфармацыя аб падобным здарэнні ў кальяннай, якая знаходзіцца ў іншым раёне горада — Кесэльштат. Паводле непацверджаных звестак, у памяшканне ўвайшоў мужчына і адкрыў страляніну, забіўшы пяцярых чалавек. Ахвяры ў асноўным маладыя людзі, у тым ліку жанчына. Яшчэ адзін чалавек памёр праз некалькі гадзін ад атрыманых ран.

Паведамляецца, што адзін чалавек быў затрыманы, у СМІ з'явіліся здымкі маладога мужчыны ў кайданках, якога вядуць паліцэйскія, аднак паліцыя неўзабаве заявіла, што затрыманы не мае ніякага дачынення да абодвух нападаў. Тэрыторыя вакол месцаў здарэнняў была ачэпленая.

Затым паліцыя выявіла яшчэ два трупы ў адной з кватэр, сярод іх, верагодна, цела меркаванага злачынца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0