Адна з нечаканасцяў выбараў-2019 — абранне дэпутатам у Оршы Віталя Васюкова.
Віталь Васюкоў
Ён больш за 10 гадоў адпрацаваў дырэктарам філіяла «Беларусбанка», не прагнуў вялікай палітыкі, але ўсё ж вылучыўся кандыдатам у дэпутаты.
Прычым не стаў збіраць подпісы мясцовых жыхароў, як астатнія будучыя пераможцы выбараў, а адправіў заяўку ад працоўнага калектыва, прычым нават не свайго. Такіх кандыдатаў-спойлераў па ўсёй Беларусі было некалькі дзясяткаў.
Расклад у гульні змяніўся пасля таго, як па Оршы папаўзлі чуткі пра праблемы са здароўем у дэпутата Віталя Чудовіча. У суботу чытачы «НН» паведамілі ў рэдакцыю, што ў яго здарыўся інсульт.
Журналісты «НН» не змаглі звязацца з Чудовічам, яго памочніца не змагла ўцямна патлумачыць, дома ці ў бальніцы знаходзіцца яе начальнік.
Аднак у нядзелю Чудовіч перазваніў сам. Запэўніў, што праблем са здароўем ў яго няма. «Я зараз еду за стырном. Калі б у мяне быў інсульт, я мог бы ехаць? Прабачце, праязджаю скрыжаванне, кладу трубку», — патлумачыў ён.
Але як аказалася, Чудовіч праехаў не толькі міма скрыжавання, але і міма пераабрання.