27 кастрычніка жыхар Лунінца Леанід Колб вярнуўся з працы і заспеў жудасную карціну ва ўласнай кватэры: на падлозе ляжала забітая 8-месячная дачка. Як пасля стала вядома, пакуль муж быў на працы, жонка Леаніда са сваім сябрам выпівалі, дзіця крыкамі перашкаджала ім. Скончылася ўсё жудасным забойствам: дзяўчынцы нібыта адрэзалі галаву.

У Леаніда і Наталлі Колб было трое дзяцей: двое хлопчыкаў (4 і 6 гадоў) і маленькая Аня. Знаёмыя і сваякі характарызавалі іх жыццё станоўча. Праўда, пазней высветлілася, што Колбаў паставілі на ўлік як сям’ю ў «сацыяльна небяспечным становішчы»: ужывалі алкаголь і неяк па п’яні здарыўся канфлікт, які скончыўся міліцыяй.

Пасля забойства дзяўчынкі Наталлю і яе сябра, 47-гадовага Віктара Сергеля, затрымалі. Амаль праз год, 24 верасня ў Брэсцкім абласным судзе пачаўся разгляд справы.

Леанід Колб, бацька забітай дзяўчынкі, цяпер праходзіць пацярпелым. Перад пасяджэннем ён адмовіўся гаварыць з журналістамі, а на працэсе ўвогуле прасядзеў у капюшоне, каб не трапіць на фота ці відэа.

На пачатку пасяджэння Наталля Колб паведаміла, што падала хадайніцтва, каб суд зрабілі закрытым. Пацярпелы — яе муж — гэтае хадайніцтва падтрымаў. Пракурор выступіў супраць. Суддзя Мікалай Сянько прыслухаўся да пазіцыі Леаніда і Наталлі. Працэс абвясцілі закрытым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?