Biuro Bezpieczeństwa Narodowego
Станіслаў Зась распавёў, пра што ішла размова ў час сустрэчы сакратароў радаў бяспекі Польшчы, Украіны і Беларусі з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джонам Болтанам. Пра гэта ён распавёў журналістам перад пачаткам канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, піша Tut.by
Паводле яго слоў, гэта сустрэча прайшла ў апошніх датах жніўня «з ініцыятывы нашых замежных калегаў».
«Не трэба выкарыстоўваць схаваных сэнсаў і выбудоўваць канспіралагічныя тэорыі пра інтрыгі, змовы — гэта поўная лухта», — сказаў Зась.
Паводле яго слоў, парадак дня гэтай сустрэчы ўпісваецца ў мінскія ініцыятывы па захаванні міру і бяспекі.
Што тычыцца самой сустрэчы, то Станіслаў Зась адзначыў, што гэта была добрая магчымасць паслухаць адзін аднаго і выказацца, нават з улікам таго, што не ўсе ацэнкі і меркаванні супалі.
Нагадаем, 31 жніўня стала вядома, што дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Болтан правёў у Варшаве перамовы з сакратаром Рады бяспекі Беларусі Станіславам Засем. У сустрэчы там бралі ўдзел прадстаўнікі Украіны і Польшчы.