У Нацыянальным аэрапорце ў пасажыраў скралі сумку, дзе знаходзілася маёмасць на 10 тыс. даляраў, распавялі «Мінск-Навінам» у Мінскім аддзеле ўнутраных спраў на паветраным транспарце.

З Нью-Ёрка прыляцела сям'я, сваякі вядомага хакеіста. Дабраўшыся да месца пражывання, яны пабачылі, што не хапае адной сумкі. Вярнуўшыся на аэравакзал сумку не знайшлі і звярнуліся па дапамогу ў міліцыю, — распавёў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку на паветраным транспарце Уладзімір Рудзько.

Па запісах з камер відэаназірання ўсталявалі, што сумка была пакінута на вазку, яе забраў кіроўца таксі, які потым з'ехаў у напрамку Мінска. Яго асобу хутка высветлілі, а да вечара затрымалі — кіроўца зноў прывёз пасажыраў у аэрапорт.

У сумцы ляжалі грошы, каштоўнасці, мабільны тэлефон і іншыя гаджэты. Таксіст не паспеў распарадзіцца чужой маёмасцю, толькі дастаў з мабільніка сім-карту, якую пазней знайшлі ў яго аўтамабілі.

Затрыманы спачатку не прызнаваў віну, сцвярджаў, што нічога чужога не браў, аднак прызнаўся, калі ўбачыў сябе на відэазапісе. У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 205 КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0