Пераслед хрысціян у некаторых рэгіёнах свету амаль дасягае ўзроўню генацыду, гаворыцца ў даследаванні, праведзеным па распараджэнні міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Джэрэмі Ханта, паведамляе Бі-Бі-Сі.

У прамежкавым дакладзе, складзеным камісіяй, якую ўзначальваў біскуп Трура Філіп Маўнтстывен, гаворыцца, што кожны трэці чалавек на планеце становіцца ахвярай пераследаў на рэлігійнай глебе.

У тым жа дакладзе сцвярджаецца, што хрысціяне — найбольш гнаная катэгорыя вернікаў.

Па словах міністра Ханта, паліткарэктнасць у тым ліку вінаватая ў тым, што гэтая праблема не ўздымаецца ў СМІ і ёй не надаецца належная ўвага.

Аўтары дакладу заяўляюць, што хрысціян масава вымушаюць з'язджаць з родных месцаў, у выніку чаго хрысціянства можа быць цалкам вынішчана ў многіх краінах Блізкага Усходу.

Напрыклад, гаворыцца ў дакладзе, на гэты момант хрысціяне складаюць усяго толькі 1,5% насельніцтва сярод палесцінцаў. У Іраку да 2003 года пражывалі 1,5 млн хрысціян, але сёння іх там засталося менш за 120 тысяч.

«Дадзеныя паказваюць не толькі на тое, што хрысціян пераследуюць ва ўсё большай колькасці краін, але таксама, што ганенні становяцца ўсё больш жорсткімі», — кажа біскуп Філіп Маўнтстывен.

«Можна сказаць, што ў некаторых рэгіёнах пераслед хрысціян па сваім маштабе і характары наблізіўся да ўзроўню, адпаведнаму міжнароднаму вызначэнню генацыду па класіфікацыі ААН», — дадае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0