Вядома, што на святочным канцэрце выступяць Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, гурты «Крама», «Дай Дарогу!» і «Dzieciuki».
Дабрацца да Гродна 23 сакавіка можна наступным чынам:
1. Цягнік.
У Гродна можна стартаваць цягніком, які адпраўляецца са сталіцы ў 7:02. У Гродне вы будзеце ў 11:48.
Кошт квітка ў агульным вагоне — 6,24 рубля, у плацкарце — 9,56 рубля, у купэ — 13,25 рубля.
Пакуль што ў продажы застаецца 130 квіткоў.
Вярнуцца ў Мінск можна начным цягніком, які адправіцца з Гродна ў 23:47. Альбо не чакаць канца мерапрыемства і з'ехаць у 16.45. Тады ўдасца вярнуцца ў Мінск да ночы.
2. Аўтобус/маршрутка
Аўтобусны квіток каштуе 13 рублёў.
Некалькі аўтобусаў розных перавозчыкаў ёсць у базе ticketbus.by, але асноўны гулец рынка — сэрвіс minsk-grodno.by.
Яго маршруткі адпраўляюцца кожныя 15-20 хвілін. Забраніраваць можна на сайце альбо ў мабільным дадатку.
Маршрутка ідзе тры з паловай гадзіны.
3. Бла-бла-кар/аўтаспын/падсадка
Сэрвіс па пошуку спадарожнікаў дазваляе сесці камусьці на хвост або прапанаваць самому падарожжа, калі ў вашай машыне ёсць вольныя месцы. Кошт паездкі — у сярэднім каля 10 рублёў з чалавека.
А калі не паленавацца і напісаць у суполках у сацыяльных сетках, што вы шукаеце магчымасць дабрацца на святкаванне 101-годдзя БНР, то, магчыма, вам пашанцуе знайсці не толькі папутчыкаў, але і добрую кампанію аднадумцаў.