У самым цэнтры горада, на рагу вуліцы Куйбышава і праспекта Машэрава, дзе ўзводзіцца жылы «Прыбужскі квартал», было выяўлена вялікае пахаванне ахвяраў Халакосту, піша «Новы час».
Раскопкі працягнуцца
13 сакавіка БелТА распаўсюдзіла заяву старшыні Берасцейскага гарвыканкама Аляксандра Рагачука пра тое, што ўзвядзенне «Прыбужскага квартала» працягнецца толькі пасля завяршэння раскопак; месца ямы, якая знаходзіцца за некалькі метраў ад будаўнічага катлавана, стане зялёнай зонай, перапахаванне парэшткаў забітых габрэяў будзе праведзена на адных з могілак Берасця паводле традыцый іўдаізму, а памяць пра ахвяраў вайны будзе ўшанаваная.
Цяпер жа грамадскасць патрабуе спыніць будаўніцтва на месцы расстрэлаў у Берасці, актывісты стварылі адпаведную петыцыю.
Узгадаем мінулае
Так, насуперак іўдзейскай традыцыі ў 1842 годзе старыя габрэйскія могілкі (на ідыш — бісхайм ці кіркут, на іўрыце — бейт альмін ці бейт кварот) былі знішчаныя, а парэшткі іўдзеяў, якія жылі і паміралі ў горадзе цягам пяці стагоддзяў, перанесеныя на новы пляц. Зрэшты, і тут кіркут пратрымаўся толькі стагоддзе, бо ў 1950—1970-я гады на яго месцы пабудавалі стадыён «Лакаматыў». У выніку двух пераносаў габрэйскіх могілак загінулі і шматлікія мацэвы, якімі пасля вайны складалі фундаменты дамоў і брукавалі вуліцы горада. На сёння захавалася каля тысячы гэтых сведчанняў сакральнай культуры габрэйства, якія мяркуецца ўсталяваць у лапідарыі каля стадыёна «Лакаматыў».
Яміны з ахвярамі гета знаходзілі і раней
Спадарыня Ірына Лаўроўская, якая нарадзілася ў Берасці, узгадвае: «Прыкладна ў пяцігадовым узросце ўпершыню ўбачыла яму з парэшткамі вязняў гарадскога гета. У паветры стаяў дзіўны смурод, і, насуперак забароне бабулі выходзіць з дому, мы са старэйшай сястрой Людмілай усё ж прыбеглі да яміны.
Недалёка, на вуліцы Куйбышава, стаяў натоўп. Было ціха, шмат хто плакаў, некаторыя рыдалі. Я стала паміж дарослымі і глядзела на целы жанчын і мужчын, якія ляжалі ў два шэрагі тварамі ніцма на глыбіні каля 1,5 метра ў вялізнай яміне — прыкладна 4 на 20 метраў. Аднаго з мужчын я хораша запомніла — ён быў апрануты ў брыджы і высокія гетры ў клетачку.
У сярэдзіне 1970-х, калі на Куйбышава будавалі панэльны дзевяціпавярховік, насупраць першай яміны знайшлі другую, а зараз — наступную. Прычым усе пахаванні знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад будынкаў сінагог. Першая яміна — ля існуючага будынка былой сінагогі Асіра, а другая — каля неіснуючага будынка іўдзейскай святыні Джоэль Вінаград.
Што адчуваю зараз? Вялікі боль і расчараванне, бо новае пакаленне берасцейцаў адмаўляе бязмоўным ахвярам Халакосту ў праве захаваць сваю асабістасць, а можа, і вярнуць свае імёны. Не ведаю, з якой прычыны, але парэшткі забітых змешваюцца, бо складваюцца ў скрыні не паводле прыналежнасці да асобных касцякоў, а паводле відаў костак. І гэта пры тым, што мы ўпершыню маем магчымасць ідэнтыфікаваць парэшткі забітых габрэяў з дапамогай аналізу ДНК, але сумняюся, што гэта будзе зроблена нашай дзяржавай…»
Выявы берасцейцаў-ахвяраў Халакосту з фондаў Дзяржаўнага архіва Берасцейскай вобласці. На здымках Ёлка Гальперына, Еля Ландсберг і Шымон Лукін.
На меркаванне Ірыны Лаўроўскай, каб зняць вастрыню гэтай форс-мажорнай сітуацыі, патрэбныя прафесіяналы, якія давяраюць неабыякавым людзям. Калі мясцовыя ўлады адмовяцца ад будаўніцтва на пляцы каля расстрэльнай яміны, можна звярнуцца да свету з просьбаю аб дапамозе ў пошуку годнага выйсця з сітуацыі. «Пры шчырай і адкрытай пазіцыі гарадскія ўлады хутчэй знойдуць разуменне і падтрымку», — упэўнена навукоўца. На яе думку, гэтая жахлівая і малапрывабная гісторыя можа павярнуцца на карысць Берасцю толькі пры адной умове — сумленным і адкрытым дыялогу.
У якасці пасляслоўя
Сёння ў Берасці амаль не адчуваецца 631-гадовае супольнае жыццё габрэяў з беларусамі, украінцамі і палякамі. Пра гэта няма аніякай згадкі нават на мануменце 1000-годдзю горада, якое будзе адзначацца сёлета. У горадзе пакуль адсутнічаюць тапонімы ў гонар выбітных землякоў-габрэяў, хоць нейкая агульная візуальная інфармацыя пра гісторыю і трагедыю мясцовага габрэйства, яго ўнёсак у гарадское жыццё.
На мануменце ў гонар 1000-годдзя Берасця нічога не нагадвае пра 631-гадовае мінулае мясцовага габрэйства…
Разам з тым, горад і вобласць далі свету шмат выбітных прадстаўнікоў габрэйства. Сярод іх — адзін з заснавальнікаў Дзяржавы Ізраіль, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Менахэм Бегін, першы прэзідэнт гэтай краіны Хаім Вейцман і кіраўнік ізраільскага ўрада Іцхак Шамір.
Праўда, першыя крокі робяцца: колькі гадоў таму на вуліцы Куйбышава з’явіліся помнікі ахвярам Халакосту і Менахэму Бегіну, адкрыўся невялікі музей «Габрэі Берасця».
Бюст Менахэма Бэгіна
Аднак гэтага відавочна недастаткова. На маё меркаванне, у пытанні ўшанавання памяці мясцовага габрэйства гораду бракуе сістэмнага падыходу, а менавіта падрыхтоўкі і зацвярджэння праекту праграмы вяртання габрэйскай спадчыны.
Сярод справаў гэтага праекту бачу сціплы мемарыяльны камень у цэнтры горада «Удзячныя берасцейцы — сваім землякам-габрэям». На ім пажадана адлюстраваць больш чым 600-гадовы ўнёсак мясцовага габрэйства ў гісторыю места, амаль поўнае знішчэнне габрэйскай супольнасці падчас Халакосту, а таксама той факт, што значная колькасць камяніцаў у гістарычным цэнтры гораду некалі належала сем’ям габрэяў.
Горад заслугоўвае адпаведнага музея габрэйскай культуры ў адноўленым будынку былой гарадской сінагогі, якая вылучаецца выбітнай архітэктурай. У якасці такога будынка можа быць абраная былая сінагога Асіра на вуліцы Куйбышава.
Паколькі горад мае статус свабоднай эканамічнай зоны, у ім можна было б заснаваць штогадовы міжнародны фэст культуры габрэйскай дыяспары. Для гістарычнага цэнтра Берасця трэба распрацаваць стэнды з неабходнай даведачнай інфармацыяй, планам гэтай тэрыторыі і пазначэннем найбольш цікавых аб’ектаў яе мінуўшчыны, у тым ліку габрэйскай — існай і страчанай. На месцы ямы гарадскія ўлады мяркуюць зрабіць зялёны газон. Праект ушанавання памяці ахвяраў нацызму на трэцяй яме бачыцца сціплым, лаканічным і кранальным. Уявіў, як па газоне бяжыць маленькая хударлявая прыгожая дзяўчынка са спелым бутонам дзьмухаўца. Дзіця трымае ў руцэ краску з празрыстым чубком і радасна глядзіць угару, бо чакае цуду палёту апушанай семязавязі ад лёгкага павеву ветрыку… Гэтыя і іншыя захады будуць спрыяць выхаванню культуры гістарычнай памяці, адсутнасць якой — цяжкая духоўная хвароба. Бо менавіта памяць трымае нас у бясконцым ланцугу пакаленняў. Без усведамлення гэтай памяці пра мінуўшчыну ў чалавека, нацыі і дзяржавы проста няма не толькі аніякай будучыні, але нават і спадзявання на яе.