Пракурор Анджэй Пазорскі, кіраўнік следчага аддзелу польскага Інстытута нацыянальнай памяці (ІНП), заявіў у інтэрв'ю Gazeta Wyborcza, што раней зробленая заява аб невінаватасці Рамуальда Райса (Бурага) не мае юрыдычнай сілы.
Рамуальд Райс (Буры). У 1946 годзе яго атрад спаліў пяць вёсак на тэрыторыі ўсходняй Польшчы, дзе жылі праваслаўныя беларусы. Тады загінулі 79 чалавек.
— З намі не раіліся. Я не ведаў, што такі дакумент будзе апублікаваны. Паведамленне не мае юрыдычнай сілы. Справа аб злачынстве супраць чалавецтва спынена. На дадзены момант я не бачу падстаў для паўторнага расследавання, — заявіў Пазорскі.
Журналісты Gazeta Wyborcza ўдакладнілі ў Дароты Качванскай-Каліты, дырэктаркі інфармацыйнага і камунікацыйнага офіса ІНП, чаму на сайце інстытута з'явілася гэтая публікацыя.
— [Выйшла] кніга пра Рамуальда Райса, аўтары якой прадставілі новыя знаходкі. Гэта біяграфія Бурага, напісаная Міхалам Астапюком з Ольштынскага філіяла Інстытута нацыянальнай памяці.
Пазорскі паабяцаў журналістам выдання Gazeta Wyborcza, што азнаёміцца з гэтай кнігай.
— Змена вынікаў расследавання па рашэнню службовай асобы ІНП без аднаўлення расследавання — гэта працэдура, далёкая ад стандартаў, якіх я мог бы чакаць пры вяршэнстве закона, — пракаментаваў сітуацыю прафесар Рафал Унук, сааўтар «Атласа Польскага падполля, якое змагалася за незалежнасць, 1944—1956».
Раней, у 2005 годзе, следчыя польскага Інстытута нацыянальнай памяці прыйшлі да высновы, што дзеяньні Бурага «мелі прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў.
— Не ставячы пад сумнеў ідэю барацьбы за незалежнасць Польшчы пад кіраўніцтвам арганізацый, якія выступаюць супраць навязанай (камуністамі) улады варта цвёрда заявіць, што забойства возчыкаў і пацыфікацыю вёсак у студзені — лютым 1946 году нельга атаясамліваць з барацьбой за незалежнае існаванне дзяржавы, бо яно нясе прыкметы генацыду.
У заяве, апублікаванай 11 сакавіка 2019 года, сцвярджалася адваротнае:
— Мы лічым, што Буры не дзейнічаў з намерам знішчыць (цалкам або часткова) беларускую супольнасць або праваслаўную супольнасць, якая жыве ў Польшчы ў яе цяперашніх межах. (…). Віна Бурага ў тым, што ён стварыў сітуацыю, з якой не мог справіцца і ў выніку якой, незалежна ад яго намераў, людзі, якія ні пры якіх абставінах не павінны былі пацярпець, былі забітыя, — заявілі гісторык Казімеж Краеўскі і адвакат Гжэгаж Вісоўскі.
Нягледзячы на заяву кіраўніка следчага аддзела ІНП, публікацыя на сайце інстытута не была зменена.
МЗС Беларусі асудзіла заяву Інстытута нацыянальнай памяці ад 11 сакавіка, а таксама выклікала пасла Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага для дачы тлумачэнняў па гэтым пытанні.