Да хуткай нарады ў кіраўніка Беларусі з сілавым блокам МУС рыхтуе пакет прапаноў. Адна з іх — узмацненне жорсткасці адказнасці для тых удзельнікаў дарожнага руху, якія наўмысна неаднаразова ігнаруюць ПДР, парушаюць правілы дзясяткі разоў за год.
Ігар Шуневіч
«Мы прапануем ўвесці бальную сістэму рэагавання на парушэнні ў дачыненні да такіх грамадзян з перспектывай часовага пазбаўлення іх магчымасці кіраваць транспартнымі сродкамі», — распавёў Ігар Шуневіч. Паводле яго слоў, такая практыка не ноу-хау і дазваляе выключыць магчымасці здзяйснення цяжкіх злачынстваў на дарозе. Сістэма даўно выкарыстоўваецца ў многіх краінах, і яе ўкараненне дае станоўчыя вынікі.
«Бальная сістэма працуе дастаткова проста: за пэўныя віды правапарушэнняў у галіне дарожнай бяспекі будуць налічвацца балы, і, калі грамадзянін будзе набіраць пэўную колькасць балаў за гэтыя правапарушэнні, ён будзе пазбаўляцца права на кіраванне транспартным сродкам на пэўны час», — растлумачыў міністр.
Паводле інфармацыі МУС, у цэлым у 2018 годзе колькасць аварый знізілася на 2% да 3 348. Стала менш загінулых у іх (589 чалавек загінулі ў 2017 годзе і 549 — у 2018 годзе) і параненых.