78-гадовая Яўгенiя Жаўняровiч зь Бярэзіншчыны дагэтуль варыць ячменны напой на сваю сям'ю і ўсю акругу.

Гiсторыя пiва налiчвае не адно тысячагоддзе. Менавiта хлеб i пiва многiя гiсторыкi называюць аднымi з першых прадуктаў у рацыёне чалавека. У Месапатамii 6 тысяч гадоў таму пiва рабiлi з… хлеба, якi спецыяльна выпякаўся для гэтага. Боханы запарвалi разам з ячменным соладам, i мяшанка брадзiла. Пiва варылi старажытныя грэкi i рымляне.

Прызнаныя пiвавары — вядомыя манастыры, у кожнага з якiх былi свае «фiшкi» ў агульнай тэхналогii прыгатавання ячменнага напою. Даўнiя традыцыi склалiся i ў Беларусi. Але каб варылі піва ў хаце — цяпер рэдкасьць…

Бiяграфiя з асаблiвасцю

Цяпер Новая Машчанiца — гэта невялiкая вёсачка, яна лiтаральна «схавалася» ў лесе. Калi выязджаеш з‑пад высокiх соснаў, то амаль адразу трапляеш на вулiцу, абапал якой прымасцiлася з дзясятак хат. Зараз тут афiцыйна прапiсаныя 19 жыхароў, 9 гаспадарак. Амаль усе вяскоўцы — старыя людзi.

У 78‑гадовай Яўгенii Жаўняровiч каза i некалькi парсючкоў. Карову, кажа жанчына, дзецi толькi нядаўна «адабралi» — пераканалi, што ў такiм узросце трэба больш адпачываць.

— А я люблю працаваць, — шчыра кажа Яўгенiя Уладзiмiраўна. — Не сяджу на месцы, у вёсцы занятак заўсёды сабе знойдзеш.
Падымаешся з ранiцы i да цямна ўсё тупаеш. Прывыкла так жыць, а перавучвацца, напэўна, ужо позна.

Жанчына нарадзiлася i вырасла ў Новай Машчанiцы. Бацькоўская сядзiба ў другiм канцы вёскi, а гэтую хату, у якой зараз жыве, пабудавалi з мужам. У вайну разам з многiмi тутэйшымi жыхарамi немцы вывезлi Жаўняровiч у Германiю. «Чым толькi нi займалася: пасвiла кароў, цыравала мяшкi, насiла дровы, скубла пер’е», — узгадвае Яўгенiя Уладзiмiраўна. .

Працавала ў калгасе. Падобная, напэўна, бiяграфiя i ў многiх яе аднавяскоўцаў. Але ёсць у спадарыні Яўгенii адна асаблiвасць — яна сапраўдны майстар‑пiвавар. З паўвекавым стажам!

Таямнiчыя перасяленцы

У пачатку мiнулага стагоддзя жыла ў гэтых мясцiнах панi Мяржынская. Тутэйшыя жыхары могуць нават дакладна паказаць, дзе была яе хата, а таксама вялiкi сад. I расказваюць, што ў 1912 годзе ў Новую Машчанiцу прыехалi латышы, купiлi тут ладную дзялянку ў маляўнiчым кутку — там, дзе Ўша ўпадае ў Бярэзiну. Менавіта латышы прывезьлi на Бярэзiншчыну самую сучасную на той момант тэхналёгію вырабу пiва i ўсе неабходныя прылады.

— Хто хацеў — той навучыўся, — заўважае Яўгенiя Уладзiмiраўна. — I гэта, скажу вам, не так проста, як здаецца на першы погляд. Тут не нейкую там налiўку зрабiць — пiва патрабуе шмат карпатлiвай працы. Калi памылiшся ў нечым, то не атрымаецца якаснага напою.

Так вось ужо на працягу больш чым паўстагоддзя Жаўняровiч варыць пiва.
Прычым гатуе гэты напой з абавязковым выкананнем усiх тонкасцяў даволi складанага працэсу. Насупраць яе хаты — сапраўдная мiнi‑пiваварня, дзе ўсё абуладкавана па правiлах.

Усе прылады — драўляныя.

— Усё раблю на сваю мерку, — заўважае вопытны пiвавар. — Бяру пуд ячменю i чатыры кiлаграмы жыта. Зерне на суткi трэба замачыць, а пасля падсушыць добра i здрабнiць. Прычым усе аперацыi выконваюцца асобна, не змешваюцца жыта з ячменем.
Крышку зерня ад усёй гэтай масы падсмажыць, каб быў у пiва належны колер. Пасля ў чане ўсё злучыць, налiць вады да патрэбнай кансiстэнцыi (Уладзiмiраўна смела выкарыстоўвае спецыяльныя тэрмiны. — Аўт.) i зварыць такi «суп». Таксама дадаецца хмель, яго яшчэ можна назбiраць непадалёк, каля рэчкi. А калi не знойдзеш, то i купiць не праблема. Пасля ў наступным пакойчыку пiва фiльтруецца. Злiваем, астывае да 15‑20 градусаў. Кiдаем дрожджы, пiва «ходзiць» суткi цi крыху больш. Пералiваем яго ў бочкi — i выдатны ячменны напой гатовы да ўжывання.

У пошуках вучняў

У невялiчкай драўлянай хатцы‑»пiваварнi» ўсё расстаўлена па сваiх месцах. У левым пакойчыку — ручны млын. Звычайна Уладзiмiраўна варыць дзесьцi 100 лiтраў пiва, калi была маладзейшая, то гатавала i па 150 л. Для гэтага трэба тры пуды ячменю i амаль пуд жыта «пракруцiць». У самым вялiкiм пакоi печачка, побач з якой адна з асноўных прылад — чан, у якiм варыцца той самы пiўны «супчык». Гэтая ёмiстасць даволi эфектна выглядае ў «кампазiцыi» з чарпаком, якiм залiваецца вада, перамешваецца маса падчас варкi.

У наступным пакойчыку стаiць доўгi драўляны човен з дзiрачкай збоку. Тут фiльтруецца пiва, на дне ставяць дошчачкi, на якiя кладуць салому. Вось i ўвесь працэс. Астывае пiва побач з «пiваварняй», на вулiцы. Бочкi, у якiя разлiваецца гатовае да ўжывання пiва, павiнны быць абавязкова дубовыя, а шпунты ў iх — яловыя. Збоку зроблены кранiк, з дапамогай якога можна налiць сабе куфаль смачнага машчанiцкага пiўка. Увесь працэс яго прыгатавання займае 15 дзён. Цяпер ячменны напой захоўваецца даўжэй, чым летам, калi пажадана ўжыць яго як мага хутчэй, iнакш закiсне. Тут не выкарыстоўваецца нiякiх хiмiчных дабавак, таму захоўваць лепш у халадзiльнiку. Такiм чынам можа стаяць i некалькi месяцаў.

Узiмку зрабiць ячменны напой можна, але даволi складана. У халодны час цяжка належным чынам высушыць да неабходнага стану даволi вялiкую колькасць зерня.

Уладзiмiраўна нядаўна зварыла чарговую «партыю» на заказ — калi каму трэба на вяселле, цi якую iншую ўрачыстасць адзначыць.

— Пiва не прадаю, а толькi частую iм усiх, хто пажадае, — сцвярджае Жаўняровiч. — Нiколi не ўстанаўлiваю якiх‑небудзь дакладных расцэнак — хто колькi дасць. Раней людзi i камбiкорм давалi, каб аддзячыць, грашыма аддавалi рэдка.
Я нiколi не патрабавала, бо пiва, зваранае з любоўю, павiнна прыносiць радасць. Галоўнае — меру неабходна ведаць.

Адходы ад варкi пiва нiколi не прападалi — выкарыстоўвалiся на корм жывёле. Жаўняровiчы трымалi даволi вялiкую гаспадарку. Пераважна толькi з уласнага падворка i кармiлiся. Вывучылi двух сыноў, хату да ладу давялi. Цяпер адзін сын у Мiнску, другi ва Уздзе. Абодвух мацi навучыла, як варыць пiва. Валодае сакрэтамi i старэйшая нявестка.

У вёсцы ж толькi яшчэ адзiн сусед спрабуе варыць пiва.

Майстэрства машчанiцкай пiваваркі прызналi калегi з аднаго сталiчнага пiўзавода.
Уладзiмiраўна вазiла туды сваю прадукцыю i атрымала станоўчую адзнаку. Пакаштавала i «заводскi» напой — кажа, што спадабалася. Аднак пiва, якое сам зварыш, усё ж смачнейшае.

Мiкалай Літвінаў, Бярэзiнскi раён, фота аўтара Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0