Дополнено. Мінскае метро: Пасажыры маглі прыняць рыўкі пры счэпцы цягнікоў за сутыкненне

Станцыя метро «Кастрычніцкая», фота belaruscity.net

Станцыя метро «Кастрычніцкая», фота belaruscity.net

Увечары 28 верасня ў мінскім метро адбылося спыненне руху цягнікоў. Інцыдэнт адбыўся ў час пік, каля 17:50 — 18:00.

Неўзабаве рух аднавіўся.

Твітар-канал метро сцісла паведаміў, што адзін з цягнікоў зламаўся, замест яго выехаў рэзервовы.

Тым не менш мінчукі, якія апынуліся ў цэнтры падзей, апісваюць сітуацыю больш эмацыйна. З іх расповедаў вынікае, што адзін з цягнікоў спыніўся праз паломку пасярод перагону. Праз некалькі хвілін да яго ззаду пад'ехаў іншы цягнік, і адбылося сутыкненне. Прынамсі відавочцы паведамляюць пра разбітае шкло.

Вось як расказваюць пра сітуацыю пасажыры першага цягніка, які спыніўся на перагоне:

«Быў у апошнім вагоне электрычкі… Атрымаў стрэс! Чуў набліжэнне наступнага цягніка, які ў нас стукнуўся, там цётка галавой стукнулася… Добра, што ён хоць тармазіў, цягнік той, так бы з усёй дуры б скамячыў усё! Бляха, страшна!» (з форума Анлайнера)

«Ехала ў апошнім вагоне няспраўнага цягніка. Ужо на «Кастрычніцкай» адчула пах, падобны да паленай гумы. Паміж «Кастрычніцкай» і «Плошчай Леніна» цягнік спыніўся. Цягнік спрабаваў ехаць, але толькі малюсенькімі рыўкамі. Праз хвілін пяць пачулі гук цягніка — ехаў наступны цягнік. І праз секунду рэзкая і моцная мітусня, гук разбітага шкла і ўвесь вагон у слабым дыме. Мяркуючы па ўсім, у нас проста урэзаўся наступны цягнік. Да рэзкага штуршка стаялі хвілін 5-8, пасля яшчэ столькі ж. Потым машыніст усё ж такі вырашыў сказаць, што праз пару хвілін паедзем, дарэчы, паехалі мы хвіліны праз тры… Ехалі зноў слабымі рыўкамі са штуршкамі. Праехалі метры тры, і праехалі столькі ж у зваротным кірунку (назад). Потым яшчэ раз наперад і так даехалі да «Плошчы Леніна»… Было страшна!» (з форума Tut.by).

«Сястра ехала ў гэтым цягніку. Упала — пабіла нагу. У стрэсе даехала дадому, цяпер ляжыць. Кажа ў цягніку была паніка, а машыніст не зрабіў нічога, каб паніку супакоіць — ніякай інфармацыі, нічога. (з форума Tut.by)

«Праз некалькі хвілін у нас заехаў цягнік — гэта значыць, не спрацавала аўтаматычная сістэма, якая папярэджвае, што наперадзе ёсць іншы цягнік. Ад удару ўсе ўпалі. Я не бачыла, каб хтосьці цяжка пацярпеў, але вось я стукнулася галавой. Цяпер выклікалі «хуткую», каб зафіксаваць, што са мной здарылася» (з сайта Белсата

А вось што пішуць тыя, хто ехаў у другім цягніку:

«Ехаў у першым вагоне метро, адразу спыніліся паміж станцыяй «Кастрычніцкая» і «Плошчай Леніна», потым рушылі і рэзка (на мой погляд) кудысьці ўрэзаліся. Я думаў, што ў вагон, які быў перад намі. Наш вагон крыху нахіліла, усё б нічога, вось толькі дыхаць не было чым, бо ў час пік людзей вельмі шмат, і да таго ж ніхто не разумее, што адбываецца, увогуле добра, што добра скончылася. Вельмі дрэнна што машыніст доўгі час нічога не казаў і на фоне таго, што дыхаць станавілася ўсё складаней і складаней, станавілася стромненька». (з форума Анлайнера)

«Я ехаў, па ўсёй бачнасці, ў «другім» цягніку. У нас было нешта падобнае: плаўна спыніліся ў тунэлі, пастаялі некалькі секунд. Потым цягнік крануўся, злёгку разагнаўся, і раптам РЭЗКА з грукатам спыніўся. Хто не трымаўся за поручні — паляцеў на іншых.

Потым пачало смярдзець чымсьці смаленым. Пах чымсьці нагадваў не тое тармазныя калодкі, не тое перагрэты прас.

Мне здаецца, калі б было менавіта сутыкненне, то ўдар быў бы значна мацнейшым. Але вось што злавала, так гэта маўчанне машыніста. Хтосьці спрабаваў з ім звязацца па кнопцы — поўны ігнор. Паветра сапраўды ў тунэлях замала». (з форума Tut.by)

Відэазапісаў інцыдэнту ў сацсетках і на форумах няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?