Амаль кожны сезон мы бачым навіны пра з'яўленне драпежнікаў ля чалавечага жытла, таму воўк падаецца агрэсіўным і неўтаймаваным забойцам. Ці сапраўды гэта так?

Фота: vouk.by.

Фота: vouk.by.

Ваўкі з самага нашага дзяцінства выступаюць у ролі пагрозлівай, галоднай, схільнай да нападу і знішчэння істоты. Спачатку казкі, а пасля — сарафаннае радыё і медыі распаўсюджваюць гэты вобраз у звыклай афарбоўцы. Асобна тут стаяць паляўнічыя, якія часта насуперак навукоўцам выдаюць за ісціну свае ўласныя ўяўленні пра папуляцыю воўка і неабходнасць яе кантраляваць (напрыклад, летась паляўнічыя і асобныя навукоўцы прапаноўвалі давесці колькасць ваўкоў да 300 галоў, што паставіла б від пад пагрозу знікнення ў Беларусі). На жаль, мы рэдка задумваемся пра тое, ці адпавядаюць нашыя веды рэчаіснасці. 

Мы паразмаўлялі з Валерам Дамброўскім, старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, пра ваўчыныя паводзіны, звычкі і лічбы, што тычацца беларускіх ваўкоў.

— Скажыце, спадар Валер, наколькі небяспечна сустрэць ваўка?

— Я думаю, што небяспека ад ваўкоў надуманая. Адпаведна статыстыцы, за апошнія 50 гадоў ніводны чалавек не загінуў ад нападу ваўка. Думаю, гэтая лічба шмат пра што кажа. У ваўкоў няма звычкі нападаць на людзей, гэта для іх нехарактэрна. Яны імкнуцца трымацца далей ад чалавека, не ўступаць з ім у кантакт. Гэта, так бы мовіць, мірнае суіснаванне побач.

— А што наконт шаленства?

— Ад шаленства, якое перадаў праз укус воўк, людзі гінулі, так. Але тут трэба разумець, што шалёныя жывёлы — гэта выключэнне, а не правіла. Калі здараецца эпідэмія, пра гэта піша Міністэрства здароўя. І тады, вядома, трэба паводзіць сябе больш асцярожна, улічваць, што зараз інфікаваныя жывёлы падпарадкоўваюцца не інстынктам, а сваёй хваробе. Але без звестак пра шаленства ў пэўным раёне нервавацца не трэба — здаровы воўк не мае мэты напасці на чалавека ці нават наблізіцца да яго. Дарэчы, ваўкі нашмат радзей за, напрыклад, ліс і янотападобных сабакаў пакутуюць на шаленства. Калі кагосьці і баяцца, то ўжо лепей лісу — ад яе чалавеку сапраўды больш шкоды. А людзі часта думаюць: яна маленькая, рыжая, сімпатычная, што зробіць яе ўкус?

На жаль, знешні выгляд жывёлы нярэдка прымушае нас будаваць гіпотэзы пра яе лад жыцця і паводзіны, але мілае не заўсёды бяспечнае. І наадварот. 

«Мне было, можа 7-9 гадоў, малая яшчэ была. У ягадны сезон амаль уся наша вёска — Радкоў Акцябрскага раёна — заўсёды хадзіла па чарніцы за 7 кіламетраў у вялікі лес, які называўся «казна». Праз дзве рэчкі трэба было пераходзіць, далёка ісці. Звычайна хто ехаў на кані, клікаў суседзяў. І мы ехалі кампаніяй. І вось тады я паехала з братам, на чатыры гады старэйшым. 

Раней пяцілітровых вёдраў не было, толькі дзесяцілітровыя. Дык мне мама давала адборнік для малака — ён вузкі, доўгі і лягчэйшы. Але нязручна несці: я малая, а ён доўгі — амаль цягнуўся па зямлі. Я яго быстра набірала. У мяне ўжо поўна было — дык я іншым дапамагала. Яны камбайнамі, я рукамі — ніхто так быстра не збіраў. Літровы слоік за 15 хвілін. 

Усе ў асноўным побач трымаліся. А я ж маленькая такая шываечка бегала — мне дзе большыя каб збіраць. Я далей далей іду. А лес вялікі-вялікі! Адышлася так. І ўсё, гляджу — я адна. Стала крычаць, зваць брата: «Вовік! Вовік!» Паварочваюся, а метраў 15 ад мяне — як і сёння бачу хвойкі тыя — стаіць воўк і глядзіць на мяне. Большы як сабака. І шэры такі нейкі быў. Раней я толькі на карцінках бачыла ваўкоў. І я тады крычу: «Вовік, воўк! Вовік, воўк! Вовік, воўк!» Так крычала, так крычала. А воўк стаіць і нікуды не ідзе. І я вырашыла, што ён мяне з'есць гэты воўк. І села пад хвойку, вочкі закрыла. Думаю: хоць не буду бачыць, як будзе мяне есці. Праседзела хвілін 10, можа. Але мне здалося, вельмі доўга сядзела. І нешта не есць мяне гэты воўк. Расплюшчваю вочы — няма. Тут і Валодзя падыходзіць: «Што ты крычыш?». Я яму і расказала: «Дык воўк быў тут». А брат чуў «Вовік! Вовік!» і няспешна ішоў на мой голас. 

А як прыйшла дамоў, не змагла гаварыць. Сіпела толькі. Так цяжка было гаварыць. Дык мяне вадзілі да суседкі бабы Палажкі падымалі нейкі язычок — казалі, апаў. Не ведаю, што гэта такое. З тыдзень можа не гаварыла»

Ніна

 — Як сябе паводзіць, каб сустрэча з воўкам не адбылася?

— Я б раіў не ісці ў лес ноччу, асабліва зімой, калі ваўкі галаднейшыя і здольныя на адчайныя ўчынкі дзеля таго, каб здабыць ежу. А так — ваўкі людзей часта бачаць, а мы іх — не. Ваўкоў на Беларусі шмат, але ж мы не так часта с імі сутыкаемся, правільна? Гэта таму, што яны самі трымаюцца на дыстанцыі, не ўступаюць у блізкі кантакт. У лесе ваўкі любяць ляжаць уздоўж пратаптаных людзьмі дарог, каб кантраляваць, што адбываецца. Але яны проста назіраюць, схаваўшыся, гэта не паляванне, яны не будуць вас адсочваць і ўвогуле падыходзіць. Маладыя бываюць больш цікаўнымі, вось тыя могуць выйсці з хованкі, але таксама не пойдуць да вас блізка. Ведаю гісторыю пра тое, як малады воўк ішоў за чалавекам на пэўнай адлегласці, бо так ён спазнаваў наваколле, вывучаў паводзіны чалавека. Трошкі прайшоў — і вярнуўся. Калі вы ўсё ж убачылі ваўка, то проста спакойна ідзіце прэч ад яго, не бяжыце, не рабіце рэзкіх рухаў, якія могуць падацца пагрозлівымі. 

«Бабуля мяне яшчэ ў дзяцінстве ваўкамі пужала. Расказвала гісторыі, як воўкі дзіця ўкралі, прыдушылі і закапалі. Яна з Старадарожскага раёна. Там раней балоты, лясы былі. Цяпер ужо няма нічога — паасушалі. 

А я лясы люблю. У любы час: проста пахадзіць — ёсць там што, ці няма. Там добра, спакойна. Бяру з сабой кніжыцу, каб пасядзець. Лесу не баюся. Я перыядычна ў сезон жыву на дачы ў 20 кіламетрах ад Мінска па Маскоўскай шашы. Тут у нас даволі населеная мясцовасць, але побач — вялізны Валмянскі заказнік. У ягадны, грыбны сезон дачнікі па лесе цягаюцца. Жывёлы няпужаныя. Можна сустрэць дзікоў, дробных капытных. А каля іх, вядома, драпежнікі пасуцца. 

Гісторыя адбылася ў пачатку чэрвеня 2016 года. Іду я па лясной грунтоўцы, нікога не чапаю. Ведаю, куды ісці і куды выйдзеш. У мяне сэрца: прайду адлегласць — трэба спыніцца. І вось так сеў я адпачыць. І тут штосьці спрацавала, што трэба ўстаць. Чаму — не ведаю. Устаю, паварочваюся, гляджу першую секунду — о, які сабачка чорненькі. Ён за спінаю стаяў. А гэта не сабачка, а чорны воўк з круглымі вачыма. На мяне морду выцягнуў. Спакойна глядзіць. А я краем вока бачу — яшчэ дзве мордачкі шэрыя ў папараці глядзяць. У мяне тады чамусьці страху не было, нават цікаўнасць нейкая з'явілася — воўк жывы, трэба ж! Я на яго гляджу, а ён на мяне глядзіць. Усё гэта секунды нейкія былі. І тут я (не ад розуму, напэўна, а з падсвядомасці, ад ведаў, якія ў падкорцы ў мяне ад далёкіх продкаў сядзяць, напэўна) гучна глыбокім голасам закрычаў. Воўк развярнуўся і пабег. І тады гляджу — у папараці шэрыя спінкі памільгалі, зашапацелі. Іх там шмат было. І ў адзін момант нікога не стала. А я пайшоў дадому». 

Дзмітрый

— Ці магчымая сітуацыя, што ваўкі збіраюцца пад хутарам, атачаюць яго і выюць, як у фільмах?

— Ніколі пра такое не чуў (смяецца). Я не ўяўляю, што ваўчыная зграя можа атачыць чыёсьці жытло і трымаць аблогу. Гэта фантастычна гучыць.

— А што тычыцца бяспекі хатніх жывёлаў, то якія парады вы можаце даць? Як воўк увогуле сябе паводзіць, калі шукае ежу? Ці можа ён зрабіць падкоп у хлеў, напрыклад?

Фота Аўгіні Манцэвіч.

Фота Аўгіні Манцэвіч.

— Не, ваўкі так не робяць. Яны ўвогуле не любяць закрытыя прасторы, будынкі. Я працую ў зоне ЧАЭС, стаўлю там фотапасткі, каб сачыць за жывёламі, і магу сказаць, што нават у закінутыя кароўнікі, дзе і дзвярэй няма, воўкі амаль не ходзяць — такое вельмі рэдка можна пабачыць. Там бегаюць лісы, іншыя жывёліны — але ваўкі амаль ніколі не прыходзяць. Нават не ўяўляю, што воўк можа рабіць падкоп, каб трапіць у памяшканне. Можна страціць толькі тую жывёлу, за якой дрэнна наглядаеш. Часцей за ўсё ваўкі забіваюць і ядуць сабакаў, якіх сяляне не кормяць і на ноч адпускаюць шукаць ежу па ваколіцах. Таксама ядуць цялят і авечак. А вось дарослых кароваў не чапаюць і чамусьці баяцца. 

Звычайна ваўкі не палююць побач з чалавекам, але ёсць і так званыя сінатропныя ваўкі, якія спецыялізуюцца на харчаванні хатняй жывёлай. Аднак гэта адбываецца ў тых мясцовасцях, дзе ў дзікай прыродзе звычайная здабыча ваўкоў (лось, алень, казуля) мае нізкую колькасць ці адсутнічае зусім. Як правіла, гэта адбываецца па віне чалавека праз браканьерства і звышмерны промысел капытных жывёлаў. Самі ваўкі не ў стане падарваць папуляцыю капытных, і гэта добра відаць у Чарнобыльскай зоне, дзе алені і лосі, асноўныя аб'екты харчавання ваўкоў, маюць высокую колькасць. Калі дзікіх капытных дастаткова, то ваўкі будуць харчавацца самі і да людзей не пойдуць. І, дарэчы, лісы нашмат часцей шкодзяць у гаспадарцы — могуць нават удзень скрасці курыцу. 

«Жыву я ў вёсцы Чатыркі Смаргонскага раёну. Тут рэчка побач, а ля яе травы вялікія, ніхто не кося, кусты. Далей каля кладбішча лясок ладны. А тады ўжо бальшушчы лес, мы яго казённым называем. 

Першы раз воўк прыйшоў год ці два назад. Сярод белага дня я выйшла на двор, а мой сабака Одзі брэша. У нас ліса стала курэй красці, дык я думала, ён на лісу брэша. Выйшла, іду да калодзежа, гляджу — стаіць вялікі-вялікі. Спачатку падумала, сабака. Бо 80 гадоў ужо, а ніколі ваўка зблізу не бачыла. Толькі ў дзяцінстве, як з бацькамі з бадзякаў ішлі праз лес, надта ў гэтым лесе ваўкі вылі. А тут гляджу — поўсць сівая, доўгая, вочачкі маленькія. Морда доўгая. І за дзяжачку, што вакол шыі, майго маленькага Одзі цягне. А той упіраецца, не даецца. Я і кажу: «Чый гэта сабака? Чаму ж ты майго сабачкі бярэш?» І рукамі так: «Пайшоў вон! Пайшоў вон!» Той адразу не адпусціў. А пасля акруціўся і пайшоў прэч у вёску. 

Мы сабаку адпускаем, бывае. І вось гэтай зімой ужо неяк раніцай я думаю: «Штосьці доўга праз ноч нашага Одзі няма». І вось прыходзіць мой сын і кажа: «Тут крыві ладне». Пайшлі глядзець — а там пад ручаёк многа-многа крыві і лапа бальшая. Відаць, воўк задушыў тут сабаку і тады сцягнуў яго ўніз. Мы Одзі так і не знайшлі».

Галіна Аляксандраўна

— А што яшчэ, акрамя неразумнага палявання чалавека, можа прымусіць ваўкоў наблізіцца да вёскі?

— Яшчэ адна праблема — гэта адчыненыя скотамагільнікі. Людзі самі прывабліваюць ваўкоў лёгкадаступнай ежай, а пасля негадуюць, што тыя бегаюць па вясковых вуліцах. Адзіночны воўк са спадарожнікавым ашыйнікам, за якім я назіраў, досыць часта наведваў скотамагільнік. Для гэтага яму даводзілася прабягаць па ўскраіне вёскі. І таму я раю тым, хто баіцца сустрэчы з ваўком, не абіраць хутары, што месцяцца побач са скотамагільнікамі, сметнікамі і іншымі месцамі канцэнтрацыі харчовых адкідаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?