Сёння ў Пецярбургу адбыўся матч у адказ трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы паміж мясцовым «Зенітам» і мінскім «Дынама».
Фота: Зеніт.
Першы матч у Мінску 9 жніўня завяршыўся ўпэўненай перамогай «Дынама» — 4:0, і мінчанам для выхаду ў плэй-оф дастаткова было не прайграць з разгромным лікам. Фанаты «Зеніта» не змаглі трапіць на арэну праз санкцыі УЕФА, накладзеныя на гаспадароў поля.
Расійская каманда падчас усёй гульні прыкметна часцей валодала мячом.
На 22-й хвіліне Раман Бягуноў парушыў правілы ў сваёй штрафной. «Стандарт» дакладным ударам рэалізаваў паўабаронца гаспадароў Леандра Парэдас.
На 65 хвіліне фантастычны ўдар зрабіў Набоа з 25 метраў. Мінчане зноў прапусцілі са штрафнога — 2:0.
А затым дубль зрабіў Дзюба на 75 і 79 хвілінах — 4:0.
У апошнія 20 хвілін асноўнага часу ў «Зеніта» было некалькі сур'ёзных момантаў, і мінчане з цяжкасцю адсунулі гульню ад сваіх варот.
Асноўны час матчу скончыўся з лікам 4:0, і камандам прыйшлося гуляць дадатковы час.
На 99 хвіліне адбыўся закід у штрафную на Корзуна, які выйграў адзінаборства ў Анюкова, прабіў па варотах, аднак Лунёў адбіў. А вось дынамавец Сейду Яхая дабіў мяч у пусты кут — лік стаў 4:1, што задавальняла мінчан.
Аднак канцоўка гульні выдалася нервовай. На 109 хвіліне зенітавец Дзюба лёгка сышоў ад Шытава і прабіў у створ. Гарбуноў адбіў на нагу Дрыусі, які зрабіў лік 5:1.
На 115 хвіліне дынамавец Бягуноў сфаліў у штрафной, арбітр паказаў на «кропку», і «Зеніт» скарыстаўся сваім шанцам — Дзюба зрабіў лік 6:1.
На апошніх хвілінах «Зеніт» зарабіў яшчэ адно пенальці, і Роберт Мак зрабіў лік 7:1.
І адразу ж пасля гэтага Роберт Мак аформіў дубль, і зрабіў лік 8:1.
Расіяне ідуць далей, а «Дынама» ганебна вылятае з турніру.