Нагадаем, што 10 лістапада актывіст незарэгістраванага Руху «За Свабоду» Яўген Мікуліч выпадкова сустрэўся на вуліцы з экспэртам‑крыміналістам Клецкага РУУС Сяргеем Касьцюкевічам.

Апошні, па словах мясцовага актывіста Сяргея Панамарова, у грубай і зьняважлівай форме пагражаў сп. Мікулічу, што жыцьцё яго і ягонай сям’і стане невыносным.

Пасьля гэтага актывіст зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай абараніць яго і яго сям’ю. Гісторыя атрымала розгалас у Сеціве. Як паведаміў сп. Мікуліч, учора ўвечары яму патэлефанавалі з РУУС і папрасілі дазволу наведацца да яго дахаты. Прыехаў асабіста крыміналіст Сяргей Касьцюкевіч. Па словах Мікуліча, міліцыянт перапрасіў за свае дзеяньні і папрасіў забраць заяву з пракуратуры. Мікулічы адмовіліся гэта зрабіць.

Сёньня Яўгена Мікуліча выклікалі ў клецкую пракуратуру паводле яго ранейшай заявы.

Напрыканцы кастрычніка актывіста прымусілі здаць адбіткі пальцаў, прыгразіўшы пры гэтым штрафам і адміністрацыйным арыштам у выпадку адмовы. Пра ўсе гэтыя факты Яўген паведаміў у сваёй заяве на імя пракурора Клецкага раёна У. Каробка.

У пракуратуры ў сп. Мікуліча спыталі, што ён зьбіраецца рабіць з заявай наконт дзеяньняў міліцыянта Касьцюкевіча. На што той адказаў, што чакае афіцыйнага разгляду сваёй заявы і патрабуе гарантыяў таго, што яго і ягоную сям’ю ня будуць перасьледаваць па палітычных матывах. У выніку заявы Мікуліча аб'ядналі ў адну справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?