На «Белкамунмашы» змайстравалі першы беларускі трамвай зь нізкай падлогай. 25-мэтровая машына можа можа зьмяшчаць ажно 230 пасажыраў. Распрацоўвалі яго адмыслова пад эўрапейскія стандарты — але на рэйкі трамвай паставяць, як мяркуецца, у Маскве.

Што да Менску, дык у нас будуць пакуль што езьдзіць таксама новыя, але ўжо не такія сучасныя трамваі AKSM-743:

Зрэшты, не заўжды новае лепей за старое. Цяжка сказаць, ці будзе новы трамвай сапраўды больш зручным для пасажыраў: на відэа бачна, што ў новай «маскоўская» мадэлі крэслы для сядзеньня высока ўзьнятыя над падлогай на адмысловыя боксы, у якія схаваная хадавая частка трамвая. Плюс такой канструкцыі ў тым, што падлогу можна зрабіць больш нізкай — пасажырам ня трэба заходзіць у такі трамвай па стромых прыступках. Але ёсьць і мінус: тыя пасажыры, якія едуць стоячы, мусяць прасоўвацца паміж крэсламі, нібы ў вузкім жэлабе. Падобную праблему ўжо заўважылі тыя, каму «пашчасьціла» ехаць у «гадзіну пік» у новай мадэлі гарадзкога аўтобуса МАЗ 203:

Там таксама для таго, каб апусьціць падлогу, ўзьнялі сядзеньні ды зрабілі надта нязручны вузкі праход між шэрагамі крэслаў, добра бачны на заднім пляне:

Так што, хай «Белкамунмаш» пакуль пратэстуе новы трамвай на масквічах — а мы паглядзім, якія будуць уражаньні. Зрэшты, зьнешне новы трамвай сапраўды выглядае па-эўрапейску – ня горш за тыя, якія езьдзяць па вуліцах, скажам, Барсэлёны:

У любым выпадку, транспартныя новаўвядзеньні, на жаль, найперш датычацца сталіцы. Калі па Менску спрэс гойсаюць новыя зялёныя аўтобусы-МАЗы, дык ў абласных цэнтрах яшчэ псуюць атмасфэру дабітыя «ікарусы». Варта спадзявацца, што экспарт новых трамваяў у Маскву пойдзе добра, і ў дзяржавы зьявяцца грошы на тое, каб абнавіць трамвайны парк ня толькі ў Менску, але і ў іншых беларускіх гарадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?