Чацвёра тэрарыстаў загінулі пры атацы на праваслаўную царкву ў Грозным, сталіцы Чачні.
Як паведаміў чачэнскі Следчы камітэт, нападнікі былі лёгка ўзброеныя, у іх былі толькі гладкаствольная зброя і нажы. Тым не менш, ім удалося забіць двух і параніць яшчэ двух паліцыянтаў, якія ахоўвалі царкву Арханёла Міхаіла.
Чачэнскія ўлады сцвярджаюць, што мэтай баевікоў быў захоп закладнікаў. У царкве ў момант нападу знаходзілася некалькі дзясяткаў вернікаў.
Большасць чачэнцаў — мусульмане. Расейцаў, праваслаўных там засталося няшмат.
Канфлікт у Чачні доўжыцца ад 1991 года, калі гэтая расійская аўтаномія абвясціла незалежнасць. Актыўныя баявыя дзеянні вяліся ў так званую «Першую чачэнскую вайну» ў 1994—1996 гадах, а таксама ў «Другую чачэнскую» ў 1999—2000. Пасля гэтага ў Чачні яшчэ дзесяць гадоў працягвалася партызанская барацьба. За перыяд канфлікту загінула каля 12 000 расійскіх вайскоўцаў, каля 21 000 партызан і — дакладных лічбаў няма — да 50 тысяч мірных жыхароў.
Цяпер Чачнёй дыктатарскімі метадамі кіруе Рамзан Кадыраў — сын муфція краіны Ахмата Кадырава, які ў Першую чачэнскую падтрымаў рух супраціву, але ў канцы Другой чачэнскай перайшоў на бок Масквы, за што пазней быў забіты падпольшчыкамі.