31 студзеня падчас нарады урада Літвы Міністэрства асветы і навукі прадставіла праект рашэння аб адтэрміноўцы адклікання дзеючай ліцэнзіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) да 1 ліпеня 2019 года.
Такое рашэнне дазволіць Універсітэту працягваць працу ў штатным рэжыме і падаць заяву на атрыманне новай ліцэнзіі. Чакаецца, што новая ліцэнзія будзе выдадзена ЕГУ да пачатку новага 2018/19 навучальнага года, адзначаецца ў прэс-рэлізе ВНУ
Сёлета навучальны працэс у ЕГУ будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з зацверджаным акадэмічным графікам: пасля экзаменацыйнай сэсіі студэнты распачнуць вясновы семестр 1 сакавіка, уручэнне дыпломаў выпускнікам ЕГУ адбудзецца 29 чэрвеня, прыём дакументаў для паступлення на бакалаўрскія і магістарскія праграмы будзе праходзіць з 1 траўня да 1 ліпеня.
Кіраўнічая рада ЕГУ вітае канструктыўныя вынікі нарады ўрада Літвы, што дазволяць беларускаму ўніверсітэту ў выгнанні ў Вільні і далей працягваць працу. Кіраўніцтва ЕГУ падасць уладам Літвы афіцыйную заяву аб выдачы новай ліцэнзіі, адзначаецца ў прэс-рэлізе ўніверсітэта.