23 снежня ў кафэ «Вяснянка» ў Салігорску праводзілася шоу-праграма Дзеда Мароза з ужываннем азоту, але скончылася яна сур'ёзнымі праблемамі са здароўем у дзвюх наведвальніц, перадае партал autorun.by.

Азот выкарыстоўваўся для стварэння эфектнага кактэйлю. Для гэтага дадавалася дзве кроплі вадкага азоту для астуджэння алкагольных напояў. Праз дзве хвіліны пасля выпарэння азоту трэба было выпіць астуджаны алкагольны напой.

Пасля выпітага кактэйлю адной з жанчын спатрэбілася тэрміновая шпіталізацыя (ёй зрабілі аперацыю), яшчэ адна жанчына пазней звярнулася ў Салігорскую ЦРБ з падобнымі сімптомамі. На дадзены момант абедзве знаходзяцца ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленні Салігорскай ЦРБ

Аксана Цыжык, якая за дзень да здарэння бачыла, як праводзіцца дадзенае шоу, распавяла: «Людзі выходзілі са сваімі напоямі ў келіхах з-за стала, а Дзед Мароз вынес ёмістасць, з якой ішла моцная белая пара. Не разгледзела, у чым менавіта ён вынес, ён «замарожваў» напоі, уліваючы туды вось гэту белую пару, паравуха была канкрэтная, дзвюх хвілін я не ўзгадаю, каб вытрымлівалі. Проста па куфлях пару разлілі і выпілі. Прынамсі менавіта так у нас на карпаратыве было 22-га снежня».

Са слоў арганізатараў шоу, эксперымент праводзіўся не першы раз і падобных інцыдэнтаў не было. На дадзены момант праводзіцца расследаванне па гэтым здарэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0