Гандбольны клуб «Віцязь» запрасіў знакамітага беларускага футбаліста Аляксандра Глеба згуляць за «Віцязь» супраць брэсцкага БГК пасля таго, як барысаўскі БАТЭ адмовіў яму ў магчымасці выйсці на поле ў матчы супраць лонданскага «Арсенала».
Інфармацыя пра гэта з'явілася ў афіцыйнай суполцы «Віцязя» ва «Укантакце».
Кіраўніцтва клуба з гумарам пералічыла ўсе плюсы сваёй прапановы:
- «Аляксандр Глеб атрымае файную майку з беларускім арнаментам
- Наш правы паўсярэдні Ілля Дударонак адмовіцца ад #13 на карысць Глеба
- Імя нашага коуча — Аляксандр, і ён не менш легендарны, чым Арсен
- Глеб быў гатовы згуляць за БАТЭ бясплатна. Ідэальна!
- Гандбол — папулярнае практыкаванне на футбольных трэніроўках, і мы ўпэўненыя: Глеб ведае, што трэба рабіць на пляцоўцы
- Мы лічым, што чалавек, які ўмее аддаваць добрыя пасы нагамі, здольны на гэта і рукамі
- Наш брамнік Вадзім Котаў ведае добрыя месцы для рыбалкі»
«Паважаны Аляксандр Паўлавіч, наша каманда мае патрэбу ў Вашых паслугах! Зробім прыгожую гісторыю разам!» — гаворыцца ў запрашэнні на заканчэнне.
0
0
0
0
0
0