Калі Беларусь стала незалежнай краінай, для многіх гэтая незалежнасць здавалася выпадковасцю. Крытэрый, на падставе якога Беларусь увайшла ў элітны клуб нацыянальных дзяржаў, заставаўся цьмяны. Беларуская мова ўжывалася ўсё радзей, беларуская культура імкліва губляла тое сціплае значэнне, якім яна цешылася ў эпоху БССР. Ці магчымая нацыя без мовы? Як без мовы ствараць сваю адметную культуру? Ці не варта аб’яднацца з Расіяй, канчаткова развязаўшы гэты «казус Беларусь»?

У ходзе гэтай спрэчкі быў адкрыты і «беларусізаваны» досвед ірландскага самавызначэння. Ірландыя з ХVII стагоддзя была пад непасрэднай уладай Англіі. Дзесяцігоддзі сацыяльнага ўціску, прамога і ўскоснага, а таксама магутныя хвалі эміграцыі пахавалі гэльскую мову. Ангельшчына апанавала ірландскую культуру, але ірландцы не перасталі пачувацца асобнай краінай. Нацыянальна-вызваленчы рух быў паспяховы, мясцовая культура здабыла сусветнае прызнанне.

У 1990-х гадах гэтая гісторыя ўспрымалася як абяцанне поспеху для беларусаў. Двухмоўе як шанец і творчая магчымасць. Іншы прыклад давала Аўстрыя. Рускамоўныя інтэлектуалы маніліся зрабіць з Беларусі «рускамоўную Аўстрыю». Напалоханыя рэальнай і ўяўнай беларусізацыяй, многія з іх узялі рэферэндум 1995 года як вызваленне ад уціску няроднай мовы.

У Беларусі 2017-га года добра відаць, што Беларусь не стала ані Ірландыяй, ані Аўстрыяй, і дыстанцыя толькі расце. Беларуская эканоміка стагнуе, публічная сфера разбураная, палітычны ўдзел стыгматызаваны. Пытанне аб беларускім паражэнні вельмі абыходзіць герояў кнігі Ганны Севярынец «Дзень Святога Патрыка».

Нібыта асноўны сюжэт рамана адбываецца ў будучыні. Беларуская мова памерла, і адмысловая міжнародная лінгвістычная камісія павінна дбаць аб тым, каб узоры гэтай мёртвай мовы былі захаваныя ў навуковых мэтах. Задачу адбору папяровых кніг — ключавых твораў беларускай літаратуры, — перадаюць Марыі Дамейцы, выпускніцы філфака (здаецца, БДУ). Ёй дапамагае Багдан Сямёнаў — яе даўні каханак, які працуе над стварэннем корпусу беларускай мовы.

Гэты сюжэт перарываецца ўстаўкамі пра сацыялізацыю галоўнай гераіні, часам таксама — аўтабіяграфічнымі нататкамі Ганны Севярынец.

Але галоўны неспакой кнігі — у загалоўку. Яно раз-поразу разгортваецца персанажамі. Чаму беларусы не маюць свайго Дня Святога Патрыка? Як ірландская культура выжыла без сваёй асобнай мовы? Чаму Беларусь — не Ірландыя, ніхто наўпрост не пытае; яно маецца на ўвазе. Але з паводзін герояў, з іхных трывожных разважанняў можна акуратна «вылушчыць» контуры адказу.

Беларусь — не Расія?

Перш за ўсё, Беларусь — не Ірландыя, бо беларусы праходзяць сваю сацыялізацыю ў рускім нацыяналізме. Яна чытаюць па-руску, чытаюць рускія кнігі. Гэта фарміруе не толькі іхны інтэлектуальны далягляд, калі «архетыповымі» паэтам з’яўляецца Пушкін, літаратурным крытыкам — Бялінскі і г.д. Гэта становіцца культурным навыкам — уменне, даведзенае да аўтаматызму. Руская культура становіцца часткай асобы, здольнай кіраваць успрыманнем свету, арганізоўваць новыя тыпы досведу, сілкаваць сімпатыі і антыпатыі.

У выніку паўстае руская перспектыва на свет. Як гэта вельмі трапна паказвае Севярынец: «Доўгі час падаецца, што ўсе на свеце пісалі па-руску, і калі раптам прыходзіць усведамленне, што, напрыклад, «Карлсан» насамрэч напісаны па-шведску, а «Шчаўкунок» — па-нямецку, некалькі дзён сусвет навокал выглядае выніцаваным».

Каб стаць беларусам, сацыялізаваны ў Беларусі чалавек павінен перажыць такое ж «выніцаванне свету». Гэта інтэлектуальнае намаганне: адкрыць для сябе беларускую літаратуру (у рамане — Караткевіч, Багдановіч), культуру (Данчык), беларускую мову як сродак гутаркі.

Пры гэтым руская культура, засвоеная першай, не знікае. Яна знітоўваецца з беларускай, займаючы дамінуючае становішча: служыць першаўзорам, пазычае тэарэтычныя метафары і абагульненні, выступае выразніцай «агульначалавечага». Як напрыклад: «Родныя дзеці» — ідэальная беларуская кніга. Пушкінскі, а дакладней — анегінскі пяцістопны ямб».

Гэткая русіфікаванасць сацыяльных і культурных практык у Беларусі — ключавое адрозненне ад Ірландыі. Яно ўзнаўляецца таксама праз тэарэтычныя інструменты, перш за ўсё дыскрэдытаваных гуманітарных навук і цалкам неадэкватнай канцэпцыі беларускай нацыі.

Беларуская нацыя: не ўяўленая прастора салідарнасці, а містычнае калектыўнае цела

Гэта адзін з самых цікавых «дадатковых» узроўняў кнігі. Галоўныя героі, абое філолагі, з прычыны сваёй прафесіі шмат разважаюць пра нацыю. Асабліва ў сувязі з мовай. Ці абавязкова патрэбная мова, каб існавала нацыя, — іхнае рэгулярнае сумненне.

Дарма што Дамейка і Сямёнаў часта спрачаюцца, — іхныя разыходжанні застаюцца павярхоўнымі. У галоўным яны падзяляюць ідэю аб тым, што нацыя, супольнасць — гэта нешта вельмі глыбокае, арганічнае і пазачасавае.

Каб выразіць таямнічую містыку калектыўнага цела, яны прыбягаюць да розных разумаванняў. Гэта і даўно засвоенае побытавым слоўнікам паняцце «менталітэт», і па-фрэйдаўску «пасвядомая магчымасць далучыцца да пэўнай культурнай супольнасці», і больш літаратурны вобраз «краіны ваўкалакаў», апетай яшчэ Герадотам.

Зусім лагічна, што менавіта даследчык, які пазнаў гэтую таямніцу групы, вызначае, хто беларус — а хто не: «сама Дамейка ніколі не лічыла Міцкевіча польскім паэтам, як ніколі не лічыла сябе рускай, Свіфта ці Джойса — ангельцамі, а Лукаша Бэндэ — беларусам».

У гэтай сувязі мова становіцца не проста сродкам камунікацыі ці прадметам эмпірычнага даследавання. Гэта — пакрыёмы скарб, які збіраўся стагоддзямі. Стос пытанняў і адказаў. Найбольш поўнае выражэнне менталітэту, — характару, гісторыі, калектыўных установак народаў. У мове хаваюцца «глабальныя сэнсы», без якіх чалавек перажывае дэпрэсію, робіць сабе смерць.

З гэтай прычыны, відаць, і Дамейка, і ейны візаві Сямёнаў адчуваюць мітрэнгу з прычыны адчужэння ад беларускай нацыі. Сямёнаў абураецца няякаснай лучнасцю: «у нас нават гісторыі няма супольнай, бо кожны ведае толькі тое, што ведае. Сваю ўласную казку». Дамейка азартна крытыкуе «апошнюю беларушчыну» за прыхільнасць да моды, за павярхоўнасць («не стрыглі б хуткія грошы на магніціках і вышымаечках») і хіпстарства. Калі нацыя — гэта сакральная «паток светлавых гадоў», то мода — немінуча блюзнерства.

Безумоўна, такія разважанні (іх у кнізе вельмі шмат) з’ўляюцца адлюстраваннем пэўнага кніжнага досведу. У выпадку галоўных герояў гаворка мае ісці пра акадэмічныя кампетэнцыі. Сучасная беларуская гуманітарыстыка дагэтуль больш ведае Гегеля і Фіхтэ, чым Бенедыкта Андэрсана ці нават Макса Вэбэра.

«Мабыць, вульгарная, магчыма, інтэлектуальна бедная»: гуманітарыі і іх навука

Пра гуманітарныя навукі ў рамане размаўляць можна багата — гэта галоўны сюжэт. Найбольшай удачай аўтаркі з’яўляецца менавіта эмпірычны бок працэсу. З непадробнай любоўю Ганна Севярынец (як Марыя Дамейка) уяўляюць сабе гісторыю беларускай літаратуры, асабліва першай паловы ХХ стагоддзя. Купала, Багдановіч, Дубоўка, Бабарэка, Скрыган — паўнавартыя персанажы рамана.

Архіўным ці падобным да архіўным эпізодам (як Дубоўка выжываў на Поўначы; як Скрыган ліставаўся з ЦБ «Маладняка»; паказанні Бабарэкі пасля арышту) ва ўдачы не саступаюць некаторыя прыклады таго, як можна чытаць беларускія тэксты. Менавіта гэтага — эмпірычнага досціпу, зануранасці ў механіку пісьма, — драматычна бракуе ў рамане. Дамейка прыгожа дэшыфруе славутыя ўводзіны ў быкаўскі «Знак бяды», мімаходзь упамінае шматабяцальныя «алюзіі і рэмінісцэнцыі Рыльке ў паэзіі Куляшова», узнаўляе падтэкст некаторых твораў Дубоўкі.

У гэты ж пералік можна дадаць менш выдасканаленыя, але не менш вартыя рэчы. Напрыклад, Дамейка падсумоўвае эпісталярную біяграфію Зоські Верас: «празрыстая, амаль без слыху бабулька, якая перабірае танюткімі жоўтымі пальцамі сухое лісце колішніх газет». Ці зусім адвольна кінутае запытанне аб «Узвышшы» як элітнай сацыяльнай сетцы (бліжэй да сучасных гуманітарны навук Дамейка не падыходзіла ва ўсёй сваёй саматужнай філалогіі).

Менавіта гэта — прафесійныя веды, экспертыза, эмпірыка — складае падмурак вартасці гуманітарыя. Дамейка можа памыляцца ў сваіх катэгарычных назіраннях (дзіўна гучыць, што «не знайшлося чалавека, які выдаў бы збор твораў сапраўднага Купалы»; а Разанаў?), але гэтыя хібы кампенсуе пераканаўчасць удач. Пагатоў здаюцца яны бяскрыўднымі на фоне містычнага калектыўнага арганізма, які прапагандуюць філолагі ў рамане.

Тэарэтычны далягляд абаіх вучоных застаецца ў рамане вельмі бедна асветленым. Толькі аднойчы мімаходзь памянёныя французскія структуралісты; сацыялогія літаратуры П’ера Бурд’ё, не кажучы ўжо пра даследчыкаў нацыяналізму, застаюцца па-за гэтым гарызонтам.

Усе пункты беларуска-ірландскага непадабенства

Шкада, што ані Сямёнаў, ані Дамейка не чыталі памянёнага ўжо Бенедыкта Андэрсана. Ён шмат увагі надаваў ролі газеты і рамана ў фарміраванні нацый, а гэта вельмі суверэнная філалогія. Або і Валера Булгакава, які даследаваў ролю Францішка Багушэвіча ў стварэнні сучаснай Беларусі. Шкада, што не ведаюць яны выслоўя Рэнана аб тым, што нацыя — гэта штодзённы плебісцыт. Не знаёмыя з іранічнай крытыкай традыцыйных уяўленняў пра нацыю, якую яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя рабіў Макс Вэбэр.

Затое тагабочны голас супольнасці чуваць. Асабліва калі Багдан Сямёнаў прыдумвае ідэю моўнага санаторыя, у якім хоча лячыць беларусаў ад дэпрэсіі. Вось як ён уяўляе сабе рэкламу гэтай прапановы:

«індывідуальны падбор літаратуры для тэрапеўтычнага чытання, афірмацыі на роднай мове, пастаноўка моўнага апарату дзеля сакральнай сувязі з падсвядомасцю, аднаўленне генетычных кодаў пры дапамозе граматычных сувязяў».

Гэты санаторый у «Дні Святога Патрыка» становіцца паспяховым камерцыйным прадпрыемствам. Цікава, а што было б, калі гэты раман напісала не беларуская аўтарка? А выкладчыца дублінскага каледжа Святой Тройцы? Гэтая моўная антыўтопія магла б займець іншы фінал. Спекуляцыйная афера беларускіх мовазнаўцаў пакрысе рухаецца да лагічнага выкрыцця, абураныя кліенты рыхтуюць калектыўную позву. Сямёнаў і Дамейка крадуць два тамы Багдановіча і ўцякаюць у ноч, падпаліўшы зненавіджаны імі будынак лінгвістычнай камісіі.

Але ў рамане іншы фінал.

* * *

І ўсё ж раман — вялікая ўдача. Яна ў пастаноўцы пытання. Чаму Беларусь — не Ірландыя? Ці, удакладняючы, «як практычна выглядае адметнасць Беларусі ад Ірландыі?» Там ёсць пра што паразважаць. Бо беларускі выпадак таксама не такі просты, як падаецца. У нейкі момант Дамейка робіць важнае адкрыццё:

«Калі проста запісаць на паперы, дык у беларусаў было ўсё, каб мець уласную культуру на ўласнай мове».

«Not so much a question as a general wondering». Дзеля яго аднаго варта было напісаць гэты раман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?