Жаночая зборная Беларусі па валейболе не прайшла кваліфікацыю да чэмпіянату свету — 2018, які адбудзецца ў Японіі. У групе з нашымі дзяўчатамі гулялі таксама Італія, Бельгія, Боснія, Іспанія і Латвія.
Беларускі, атрымаўшы толькі тры перамогі ў пяці гульнях, занялі трэцяе месца ў групе. Пуцёўку на чэмпіянат свету здабылі італьянкі.
Адметна, што за зборную ў гэтых адказных стартах не гуляла 19-гадовая валейбалістка екацерынбургскага клуба «Уралачка» Ганна Клімец. Афіцыйная прычына — хвароба.
Аднак фактычна ў гэты самы час Ганна спачатку знаходзілася на адпачынку ў Турцыі, а потым красавалася ў родных Баранавічах.
Некаторыя крыніцы паведамляюць, што Ганна Клімец можа прыняць прапанову зборнай Расіі і памяняць грамадзянства. Расіянкі, у адрозненні ад беларусак, выйшлі на сусветныя спаборніцтвы ў Японіі.
«Уралачка» — адзін з наймацнейшых клубаў Расіі. Яго трэніруе Мікалай Карполь, ураджэнец Пружанскага раёна Беларусі, які шмат гадоў аддаў расійскаму жаночаму валейболу, а таксама на працягу года ўзначальваў беларускую зборную (2009-2010).
Ганна Клімец — адзіная легіянерка, якая гуляе за «Уралачку». У расійскі клуб яна перабралася ў 17-гадовым узросце, да гэтага выступала за баранавіцкі «Атлант».