У Беларусі ўдасканальваецца прававое рэгуляванне выкарыстання алімпійскай і паралімпійскай сімволікі, яе абарона і камерцыйнае выкарыстанне. Адпаведны Указ 440 «Аб выкарыстанні алімпійскай, паралімпійскай сімволікі» 5 снежня падпісаў Аляксандр Лукашэнка, які з'яўляецца прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, дакумент прыняты ў мэтах належнага выканання беларускім бокам сваіх абавязацельстваў па абароне правоў Міжнароднага алімпійскага камітэта і Міжнароднага паралімпійскага камітэта на тэрыторыі Беларусі. Указам устанаўліваецца забарона на выкарыстанне алімпійскай і паралімпійскай сімволікі для абазначэння юрыдычных асоб, аб'ектаў, тавараў, работ і паслуг, за выключэннем выпадкаў, калі права на такое выкарыстанне дадзена міжнароднымі або нацыянальнымі алімпійскім і паралімпійскім камітэтамі.

Інфармацыя аб парадку і ўмовах атрымання дазволу будзе размяшчацца на афіцыйных сайтах НАК Беларусі і Паралімпійскага камітэта Беларусі ў інтэрнэце.

У адносінах да таварных знакаў і знакаў абслугоўвання, пасведчанні на якія выдадзены да ўступлення ў сілу ўказа, прадугледжана магчымасць выкарыстання алімпійскай і паралімпійскай сімволікі да заканчэння тэрміну дзеяння іх рэгістрацыі.

Акрамя таго, устанаўліваецца, што дзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі фізічнай культуры і спорту, сярэднія школы — вучылішчы алімпійскага рэзерву захоўваюць права на выкарыстанне алімпійскай і паралімпійскай сімволікі ў сваіх назвах.

«Прыняцце гэтага ўказа асабліва актуальнае напярэдадні правядзення ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Указ распрацаваны ўпершыню з улікам перадавога міжнароднага вопыту ў гэтай сферы і рэкамендацый Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?