Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Польская акадэмія навук падпісалі пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве.

Падпісанне дакументаў адбылося ў час візіту ў НАН Беларусі прэзідэнта Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскага. Галоўная мэта візіту - правядзенне перагавораў з кіраўніцтвам НАН Беларусі аб перспектыўных напрамках і механізмах пашырэння беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Як паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі, акадэміі навук дзвюх краін маюць даўнія сувязі. З 21 па 23 сакавіка па запрашэнні кіраўніцтва Польскай акадэміі навук у Варшаве знаходзілася дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале са старшынёй Прэзідыума акадэмікам Уладзімірам Гусаковым. Мэтай візіту стала пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін, а таксама правядзенне канферэнцыі «Польска-беларускае навукова-даследчае супрацоўніцтва ў галіне гуманітарных навук».

Беларускія і польскія даследчыкі прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівае развіццё Палесся», якая адбылася ў НАН Беларусі 14-17 верасня.

Цяпер плануецца актывізацыя сумеснага ўдзелу польскіх і беларускіх вучоных у кансорцыумах, якія ствараюцца для ініцыявання і рэалізацыі праектаў праграмы ЕС па навукова-тэхналагічным і інавацыйным развіцці «Гарызонт 2020».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?