Адназначным фаварытам у барацьбе за пасаду генеральнага сакратара ААН стаў былы прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Гутэрэш, заявіў журналістам пасля чарговага раўнда галасавання сталы прадстаўнік Расіі пры ААН Віталь Чуркін.

Getty

Па словах Чуркіна, які ўзначальвае цяпер Раду Бяспекі, у ходзе галасавання ў сераду ні адзін з 15 прадстаўнікоў краін-сяброў Рады Бяспекі не выказаўся супраць кандыдатуры Гутэрэша. Больш за тое, толькі два чалавекі ўстрымаліся ад галасавання, у той час як 13 падтрымалі партугальца.

«Пасля сённяшняга шостага раўнда галасавання ў нас ёсць адназначны фаварыт, і яго імя — Антоніу Гутэрэш», — сказаў Чуркін журналістам у прысутнасці 14 сваіх калег па Радзе Бяспекі.

Чакаецца, што канчаткова Гутэрэш будзе рэкамендаваны Радай Бяспекі на пасаду генеральнага сакратара ААН раніцай 6 кастрычніка. Чуркін выказаў надзею, што зацвярджэнне кандыдатуры партугальца пройдзе хутка і будзе насіць ужо, бадай, фармальны характар.

Пасяджэнне Рады Бяспекі пройдзе за зачыненымі дзвярыма. На ім Гутэрэшу будзе неабходна заручыцца падтрымкай хаця б дзевяці прадстаўнікоў краін-сяброў і не атрымаць ні аднаго голасу «супраць» ад пяці дзяржаў, якія маюць права вета.

У гэтым выпадку Рада Бяспекі парэкамендуе генеральнай асамблеі ААН прызначыць Гутэрэша новым генеральным сакратаром арганізацыі. Менавіта Генасамблея павінна канчаткова зацвердзіць яго кандыдатуру.

Антоніу Гутэрэш з самага пачатку лічыўся фаварытам у барацьбе за пасаду генеральнага сакратара ААН, які ў хуткім часе пакіне Пан Гі Мун. З 2005 года ён працаваў вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў. У Партугаліі ён з 1995 па 2002 год узначальваў урад краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?