Да парламенцкіх выбараў актывісты адразу некалькіх кампаній назірання выпусцілі новую версію мабільнай праграмы «Вочы». Праграма дазволіць выбаршчыкам аператыўна паведаміць пра парушэнні на выбарах незалежным назіральнікам.

Праграма нарадзілася як прадукт супрацоўніцтва кампаній ElectBy, «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Мабільная праграма «Вочы» працуе на аперацыйнай сістэме Android. Пасля ўстаноўкі праграмы на смартфон карыстальнік можа паведаміць назіральнікам інфармацыю аб парушэннях, якія ён або яна заўважыць на выбарчым участку. Праграма можа перадаць не толькі тэкставае апісанне, але і фота/відэа ці аўдыёматэрыялы, «што асабліва важна для верыфікацыі назіральнікамі факту парушэння», пішуць распрацоўшчыкі праграмы.

Па іх словах, «Вочы» практычна не збіраюць інфармацыю пра карыстальнікаў, акрамя iх месцазнаходжання падчас інфармавання аб парушэнні і тэхнічных характарыстык іх тэлефона. Нават калі карыстальнік добраахвотна дае сваю кантактную інфармацыю назіральнікам для зваротнай сувязі, гэтая інфармацыя не раскрываецца і не перадаецца трэцім асобам.

Паводле дадзеных распрацоўшчыкаў, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года карыстальнікі «Вачэй» «выявілі ў мінскім ЦУМе футболкі з лозунгам за аднаго з кандыдатаў, якія прадаваліся ў аддзеле адзення з нацыянальнай сімволікай, дапамаглі раскрыць маніпуляцыю з яўкай выбаршчыкаў, сфатаграфаваўшы пусты пратакол з подпісамі членаў участковай выбарчай камісіі, і паведамлялі пра мноства выпадкаў прымусу да датэрміновага галасавання студэнтаў ВНУ».

Інфармацыя аб парушэннях, дасланая карыстальнікамі прыкладання, пасля мадэрацыі адлюстроўваецца на анлайн-карце на сайце ElectBy.org. Яна можа быць выкарыстаная місіямі па назіранні для ацэнкі таго, наколькі сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі былі выбары, адзначаюць аўтары праграмы.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня. Датэрміновае галасаванне пачнецца 6 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?