У другім квартале ВУП Украіны вырас на 1,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміла Дзяржаўная служба статыстыкі. Гэта максімальны паказчык з 2013 года, піша Bloomberg, адзначаючы, што апытаныя агенцтвам эканамісты чакалі росту на ўзроўні 1,7%.
AFP
Рост у другім квартале ў адносінах да папярэдняга склаў 0,6%.
Па ацэнцы эканаміста кіеўскай інвестыцыйнай кампаніі Adamant Capital Канстанціна Фастаўца, драйверамі росту эканомікі сталі гандаль і будаўніцтва. Ён мяркуе, што актывізацыя банкаўскага крэдытавання прывядзе да далейшага павелічэння ВУП Украіны ў гэтым годзе.
Эканамічны рост ва Украіне аднавіўся ўпершыню з 2014 года ў першым квартале, калі ВУП краіны ў гадавым вылічэнні павялічыўся на 0,1%. У 2015 годзе ўкраінская эканоміка скарацілася на 9,9%. Пры гэтым гадавыя тэмпы падзення зніжаліся кожны квартал.
Па выніках трэцяга квартала мінулага года Украіна тэхнічна выйшла з рэцэсіі, у якой яна знаходзілася паўтара года.