Руская праваслаўная царква ў Вене падала афіцыйную скаргу стваральнікам гульні «Pokemon Go» пасля таго, як у венскім Свята-Мікалаеўскім саборы з’явіўся «д’ябальскі» пакемон Raa666. Як паведамляе выданне «The Local», царква запатрабавала неадкладна і назаўсёды выдаліць гэтага пакемона. У лісце да кампаніі «Niantic Labs Inc» прадстаўнікі РПЦ адзначылі, што «царква — святы будынак, таму мусіць выкарыстоўвацца толькі для рэлігійных мэт».
Прадстаўнікі РПЦ не адзіныя, хто крытычна ставіцца да новай забавы. Так, першы намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі Расіі па абароне і бяспецы, ураджэнец Ашмян Франц Клінцэвіч заявіў, што гульня «Pokemon Go» з’яўляецца небяспечнай зброяй. Па яго меркаванні, «як у фантастычным блокбастары сёння няўхільна фармуюцца контуры і элементы новай высокаэфектыўнай зброі».