На сайце Міністэрства гандлю апублікаваная інфармацыя аб прыпыненні (забароне) работы гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання на 10 жніўня 2016 года. У спісе 45 пазіцый — зачыненыя крамы і кафэ раскіданыя па ўсёй Беларусі. Некаторыя не працуюць ужо другі месяц, праца іншых прыпыненая зусім нядаўна.
Дзве ўстановы са спісу размешчаны ў самым цэнтры Мінска: гэта бар Pinky Bandinsky (на вул. Камсамольскай) і кафэ YO! Sushi (на вуліцы Інтэрнацыянальнай). У першым Мінгандлю выявіла невыкананне зацверджанага асартыментнага пераліку на 6,25%, 12 найменняў тавараў з пратэрмінаванай прыдатнасцю і інш. У другім — невыкананне зацверджанага асартыментнага пераліку на траціну і тры найменні тавараў з пратэрміноўкай.
Таксама з 6 жніўня часова закрыты рэстаран грузінскай кухні «Міміно» на Другім кальцы. Тут спецыялісты Мінгандлю выявілі 15 найменняў тавару з пратэрміноўкай.
Установы змогуць аднавіць працу пасля таго, як ліквідуюць знойдзеныя парушэнні.
Мінскі сайт аб ежы koko.by называў Pinky Bandinsky «тым самым модным і дзіка папулярным барам».