Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон, які ўзмацняе адказнасць за кіраванне ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. Як паведамляе прэс-служба ўкраінскага лідара, новы закон быў падпісаны сёння ў час сустрэчы Пятра Парашэнкі з кіраўніком Нацыянальнай паліцыі Хаціяй Дэканаідзэ і яе намеснікам — кіраўніком Патрульнай паліцыі Аляксандрам Фацэвічам.

Закон аб павелічэнні адказнасці за «п'янае» кіраванне парламент Украіны прыняў 7 ліпеня. Калі кіроўца двойчы на працягу года падвяргаўся адміністрацыйнаму спагнанню за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане ап'янення або пад уздзеяннем наркатычных прэпаратаў, то яму пагражае буйны штраф і пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 10 гадоў.

Прэзідэнт Украіны назваў гэты закон «дадатковым інструментам для навядзення парадку на дарогах». «Акрамя зброі ў выглядзе пісталета і кайданкоў, трэба ўзброіць паліцэйскіх правамі, законамі і адказнасцю за ўчыненыя правапарушэнні», — сказаў Парашэнка. «Даю вам у рукі гэтую «зброю» і інструменты. Упэўнены, што я іх перадаю ў надзейныя, патрыятычныя, прафесійныя і прыстойныя рукі», — адзначыў Парашэнка. «Кожнае пятае дарожна-транспартнае здарэнне ў нас здзяйсняецца п'янымі кіроўцамі», — падкрэсліў прэзідэнт.

У сваю чаргу Дэканаідзэ адзначыла, што праваахоўнікі доўга чакалі гэты закон, некалькі тыдняў таму быў запушчаны пілотны праект відэафіксацыі на дарогах, гэта таксама павінна стаць добрым інструментам для прадухілення правапарушэнняў. «Мы высветлілі, што кожны другі наш грамадзянін парушае правілы дарожнага руху адносна хуткаснага рэжыму, і здараецца шмат інцыдэнтаў, калі выяўляюць п'яных за рулём, якія не шкадуюць ні саміх сябе, ні іншых», — адзначыла кіраўнік Нацпаліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?